BE RU EN

Пра што гаварыў Мадзяр на першай пасля выбараў прэс-канферэнцыі

  • 13.04.2026, 21:15

Асноўныя заявы новага лідара Вугоршчыны.

Лідар апазіцыйнай партыі «Ціса» Пэтэр Мадзяр, які лідзіруе на парламенцкіх выбарах, што адбыліся ў Вугоршчыне 12 красавіка, выступіў на прэс-канферэнцыі ў Будапешце. Мерапрыемства 13 красавіка транслявала Reuters у YouTube. Выданне «Гордон» сабрала асноўныя заявы палітыка.

У прыватнасці, Мадзяр гаварыў пра будучы палітычны вектар Вугоршчыны, стаўленне да Украіны і адносіны з краінай-агрэсарам Расіяй.

Крытыка палітыкі Орбана

Мадзяр абвінаваціў папярэдні ўрад, які ўзначальваў Віктар Орбан, у фокусаванні ўвагі на знешняй палітыцы і ў бяздзеянні адносна ўнутраных праблем, у прыватнасці тых, што датычацца аховы здароўя, адукацыі і эканамічнага ўзроўню жыцця грамадзян. Наваабраны кіраўнік урада паабяцаў засяродзіцца на «рэальных праблемах людзей».

Змены ў Канстытуцыю, тэрмін прэм’ера і вяртанне ў МКС

«Мы прымем антыкарупцыйныя меры, створым офіс вяртання дзяржаўных актываў, унясём змены ў Канстытуцыю, каб прэм’ер мог займаць пасаду не больш за два тэрміны. Мы адновім вяршэнства права, дэмакратыю і сістэму стрымліванняў і супрацьваг», – заявіў Мадзяр.

Таксама ён абвясціў пра вяртанне Вугоршчыны да сяброўства ў Міжнародным крымінальным судзе.

Сійярто «знішчае дакументы»

Ён расказаў, што некаторыя людзі западазрылі, што міністр замежных спраў Пэтэр Сійярто падаў у адстаўку, бо яго не было побач з Орбанам. Аднак, паводле слоў Мадзяра, той з 10:00 знаходзіцца ў памяшканні ведамства, дзе «знішчае дакументы, што датычацца санкцый». Лідар «Цісы» параўнаў такі падыход папярэднікаў з камуністычнымі часамі.

«У нармальны перыяд перадачы ўлады, у нармальнай краіне, калі апазіцыйная партыя папулярнейшая за ўрадавую на працягу больш як года і павінна пераняць уладу, тады прэм’ер-міністр, які сыходзіць у адстаўку, дзеліцца інфармацыяй з новым кіраўніцтвам – інфармацыяй, важнай для нацыянальнай бяспекі. Але гэта не тое, што адбываецца ў Вугоршчыне. У нас няма ніякай інфармацыі, ёсць шмат рэчаў, пра якія мы не ведаем», – сказаў Мадзяр.

Уступленне Украіны ў ЕС

Мадзяр выказаўся супраць паскоранага ўступлення Украіны ў Еўрапейскі саюз. Прычына, паводле яго слоў, у вайне.

«Усе краіны-кандыдаты павінны прайсці аднолькавую працэдуру. Яны павінны абмеркаваць усе раздзелы перамоваў, і калі Украіна гэта зробіць, то ў Вугоршчыне будзе рэферэндум наконт таго, ці павінен ЕС яе прымаць, і гэта не адбудзецца ў бліжэйшы час», – патлумачыў ён.

Сустрэча з Зяленскім

Мадзяр сказаў, што хоча нармалізаваць адносіны з Украінай, падтрымліваць сяброўскія адносіны з суседнімі краінамі, сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і ўрэгуляваць усе пытанні, піша 444.hu.

Таксама ён прызнаў, што Украіна з’яўляецца ахвярай вайны і мае права на суверэнітэт, але зрабіў акцэнт на абароне правоў вугорскай меншасці.

Крэдыт у памеры €90 млрд

Ён таксама пракаментаваў крэдыт ЕС для Украіны ў памеры €90 млрд, блакіроўкай якога раней пагражаў Орбан. Паводле слоў Мадзяра, Еўропа адстраніла ад прыняцця рашэння Вугоршчыну, Славакію і Чэхію, таму Будапешт не мае ніякага ўплыву на гэтае пытанне.

Адносіны з РФ і званок Пуціну

Мадзяр патлумачыў, што Вугоршчына і Еўропа суседнічаюць з Расіяй, і з гэтай прычыны цалкам «адрэзаць» супрацоўніцтва немагчыма, у прыватнасці ў пытанні нафты і газу. Асноўны акцэнт ён робіць на тым, што Еўропа павінна купляць энергарэсурсы з розных напрамкаў, каб не залежаць ад аднаго пастаўшчыка і знізіць цэны. Санкцыі супраць Расіі кіраўнік «Цісы» апісвае як часовы інструмент, які, на яго думку, можа быць зняты пасля заканчэння вайны і перамоваў.

Таксама Мадзяр паабяцаў, што ўсе кантракты з РФ будуць перагледжаныя: іх або перазаключаць, або наогул скасуюць.

Акрамя таго, ён выказаўся наконт гіпатэтычнага кантакту з нелегітымным расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным.

«Калі Уладзімір Пуцін патэлефануе, я вазьму трубку. Я не думаю, што да гэтага дойдзе. Сам я тэлефанаваць не буду, але калі мы ўсё ж пагаворым, то я мог бы папрасіць яго, каб ён пасля чатырох гадоў спыніў забойствы і завяршыў вайну, якая нават з ягонага пункта гледжання не мае ніякага сэнсу», – сказаў палітык.

Ён дадаў, што размова, верагодна, была б кароткай, і ён разумее, што яго словы наўрад ці паўплываюць на рашэнне Пуціна. Але ўсё ж спадзяецца, што той неўзабаве будзе вымушаны спыніць вайну, цытуе Szeretlek Magyarország.

Апошнія навіны