Генадзь Фядыніч: Да восені сітуацыя ў эканоміцы абвастрыцца
- 15.04.2026, 20:37
Улады хаваюць сапраўднае становішча спраў.
Лукашэнка патрабаваў ад чыноўнікаў «мабілізавацца», але пры гэтым прызнаў, што сам не ведае, да чаго рыхтаваць вертыкаль улады.
Ці азначаюць словы кіраўніка, што ў беларускай эканоміцы ўсё значна горш, чым спрабуе паказаць рэжым?
Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з былым палітвязнем і прафсаюзным лідарам Генадзем Фядынічам:
— Несумненна, рэжым Лукашэнкі не хоча і не будзе паказваць сапраўдны стан эканомікі ў Беларусі. Па той прычыне, што сітуацыя пагоршылася нават за чатыры месяцы гэтага года, і далей будзе пагаршацца.
Калі ў 2024 годзе Расія даволі актыўна купляла ў Беларусі яе прадукцыю, у 2025 годзе вельмі шмат расійскіх губеранатараў прыязджалі на сустрэчы ў Беларусь (тады, між іншым, гаварылі пра нейкія эканамічныя планы і іх рэалізацыю), то цяпер іх увогуле не відаць.
Сёння Беларусь павінна камусьці прапанаваць тавары, якія вырабляюцца ў краіне, каб нехта іх купіў. Грошай няма, а далёкая дуга экспарту была акрэсленая яшчэ даўно, але яна проста закрытая і не працуе.
— Рабочыя БелАЗа кажуць, што «народ разбягаецца», а заробкі не паспеваюць за ростам цэн. Што сёння адбываецца з БелАЗам і іншымі беларускімі прамысловымі гігантамі?
— Калі казаць пра БелАЗ, гэта цікавае прадпрыемства. Справа ў тым, што продаж іх машын у Беларусі практычна адсутнічае, усё скіравана на экспарт. На сёння экспарт значна скараціўся, таму і грошай у прадпрыемства, па ўсёй верагоднасці, няма, каб павысіць у іх заработную плату хаця б у адпаведнасці з інфляцыяй і цэнамі. Прадпрыемства працуе на склад. Па ўсёй верагоднасці, яшчэ ёсць запасы металу, камплектуючых. Але гэта датычыць не толькі БелАЗа, гэта датычыць усяго прамысловага сектара, які вырабляе не для ўнутранага рынку, а найперш на экспарт. І МАЗа, і Мінскага трактарнага завода, ды і іншых прадпрыемстваў.
Бо на сёння яшчэ можна выпусціць прадукцыю: гэта праблема, але яна вырашальная. А вось прадаць яе на сёння — гэта праблема, якая для Беларусі ўжо ўпёрлася ў тупік. І на сёння пакуль канкрэтных выхадаў з гэтага ніхто не прапанаваў і не рэалізаваў.
Пакуль лозунгі, прапановы, але няма канкрэтных спраў. Таму, на мой погляд, эканамічная сітуацыя ў Беларусі будзе пагаршацца, цэны і інфляцыя будуць расці, і ўзровень жыцця людзей, як гэта ні сумна, будзе падаць.
— Што ўсё гэта значыць для звычайных беларусаў? Ці варта чакаць далейшага пагаршэння сітуацыі ў эканоміцы і зніжэння ўзроўню жыцця?
— Паглядзіце, што цяпер адбываецца: раней такога наогул не было — ідзе вялікі экспарт прадукцыі з Расіі у Беларусь. У самой Беларусі складана з'есці тое, што яна вырабляе.
Чаму гэты экспарт ідзе, калі ён не патрэбны беларусам? Ну, таму што, відаць, як сказаў Крэмль: гэта трэба, вы мусіце браць. І мусіце рэалізоўваць гэта сярод насельніцтва.
Па сутнасці, на сёння цэннікі, як бы там ні было і што б ні казалі, растуць у Беларусі. А ўзровень заработнай платы нават у адпаведнасці з інфляцыяй не расце. Не кажучы ўжо пра пенсіянераў, у якіх пенсіі сёння ніяк не паспеваюць за плынню інфляцыі. Таму сказаць беларусам: рыхтуйцеся да горшага — гэта нічога не сказаць. Сітуацыя надзвычай складаная, і яна сёлета да восені будзе яшчэ больш абвастрацца.
Калі эфектыўна працуе эканоміка, любая ўлада будзе адчуваць сябе дастаткова ўпэўнена, таму што ўзровень жыцця людзей не зніжаецца. У цяперашніх умовах улады знаходзяцца ў вельмі складанай сітуацыі. Справа не ў тым, што яны не хочуць змяніць сітуацыю да лепшага, а ў тым, што яны проста не ў стане гэта зрабіць. І ў гэтым грамадзяне Беларусі не вінаватыя, яны сталі закладнікамі гэтай сістэмы.