BE RU EN

Беларускіх баксёраў дапусцяць да міжнародных спаборніцтваў

  • 12.05.2026, 16:44

World Boxing зняла абмежаванні пасля рэкамендацыі МАК.

Беларускія баксёры зноў змогуць удзельнічаць у афіцыйных міжнародных турнірах. Планавалася, што іх дапусцяць да выступлення ў нейтральным статусе, але пасля рэкамендацыі МАК з нашых баксёраў знялі ўсе санкцыі. Рашэнне прыняў выканкам арганізацыі, паведамляе сайт міжнароднай федэрацыі World Boxing.

Першапачаткова меркавалася, што спартсмены, трэнеры і персанал змогуць выступаць выключна ў статусе «індывідуальных нейтральных атлетаў» — без выкарыстання нацыянальнага сцяга, герба і гімна. На форме замест абрэвіятуры BLR павінна была быць нейтральная пазнака AIN. Калі б баксёр у такім статусе заваяваў золата, на цырымоніі ўзнагароджання падымалі б шэры сцяг AIN, а нацыянальны гімн не гучаў бы.

Сёння ж стала вядома, што з беларускіх баксёраў зняты ўсе абмежаванні.

«Выканкам World Boxing прыняў рашэнне адмяніць дзеянне палітыкі AIN («Athlètes Individuels Neutres» — «Індывідуальныя нейтральныя спартсмены») у дачыненні да Беларусі. Цяпер беларускія спартсмены, трэнеры, персанал і афіцыйныя асобы змогуць удзельнічаць у спаборніцтвах World Boxing на тых жа ўмовах, што і прадстаўнікі іншых нацыянальных федэрацый — членаў арганізацыі. Гэтае рашэнне было прынята пасля нядаўняй рэкамендацыі Выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) зняць абмежаванні AIN, якія дзейнічалі ў дачыненні да Беларусі, і дазволіць яе спартсменам выступаць на міжнародных спаборніцтвах пад уласным сцягам», — сказана ў заяве міжнароднай федэрацыі.

Апошнія навіны