На мяжы РФ і Латвіі выявілі кантрабандныя беларускія цыгарэты
- 9.05.2026, 3:28
Мытнікі знайшлі 12 тысяч пачак пад пластом кармавой дабаўкі.
Пра выяўленне партыі кантрабандных цыгарэт паведаміла 8 траўня Пскоўская мытня Памежнага ўпраўлення ФСБ Расіі.
Як адзначаецца, на мытным пасту «Посинь» у вагоне ў складзе таварнага цягніка са свеклавічным жомам «пад невялікім пластом кармавой дабаўкі», які накіроўваўся ў Латвію, было выяўлена 12,5 тыс. пачак цыгарэт беларускай вытворчасці.
«[Яны] былі сфармаваныя ў 25 прамавугольных брыкетаў і ўпакаваныя ў паліэтыленавую плёнку», — гаворыцца ў рэлізе.
Па папярэдніх ацэнках, свабодны рынкавы кошт гэтай партыі тытунёвых вырабаў на тэрыторыі РФ перавышае 1,9 млн рублёў (больш за 25 тыс. долараў).
Па факце кантрабанды ўзбуджана крымінальная справа.