«Лукашэнка з гэтым нічога не можа зрабіць»
- 9.05.2026, 9:08
Асабліва моцна крызіс ударыць па беларускім машынабудаванні.
За студзень—сакавік гэтага года Беларусь зарабіла на экспарце тавараў $11 млрд, што на 20% больш, чым летась.
У той жа час вырас і аб’ём імпарту — на 14%, і сальда знешняга гандлю працягвае заставацца адмоўным.
Пры гэтым на ўнутраным рынку фармуюцца новыя тэндэнцыі: не толькі насельніцтва, але і кампаніі актыўна прадаюць валюту. У красавіку яны разам прадалi замежнай валюты на $568 млн больш, чым набылі.
Павелічэнне прапанавання прывяло да ўмацавання беларускага рубля адносна долара.
Ці замацуецца гэты трэнд і якія фактары далей будуць уплываць на беларускі экспарт і беларускі рубель, «Філін» даведаўся ў магістра эканомікі, спецыялісткі ў сферы дзяржаўнага кіравання і міжнароднага развіцця Алісы Рыжычэнка.
— Сапраўды, экспарт павялічыўся, але трэба разумець, за кошт чаго: выраслі сусветныя цэны на калійныя ўгнаенні, плюс з-за сусветнага энергетычнага крызісу падняліся цэны на нафту і нафтапрадукты, — тлумачыць Аліса Рыжычэнка. — То бок таварны аб’ём экспарту не павялічыўся, павялічылася сума ў грашовым выражэнні.
Пры гэтым адзначу, што імпарт таксама вырас, і сальда знешняга гандлю па-ранейшаму застаецца адмоўным. Таму радавацца асабліва няма чаму.
Шэраг знешніх фактараў склаўся спрыяльна, і Лукашэнка фактычна злавіў гэты момант, бо можа танней закупаць расійскую нафту і прадаваць нафтапрадукты па больш высокіх сусветных цэнах.
Пры гэтым у сакавіку больш як на мільярд скараціліся ЗВР. Гэта азначае, што выдаткаў стала больш і даводзіцца задзейнічаць у тым ліку і ЗВР, каб пагашаць знешнія абавязацельствы і падтрымліваць валютны курс.
Са свайго боку, адмоўнае сальда, якое доўгі час захоўваецца, як у нас, у перспектыве можа паўплываць на змену валютнага курса ўнутры краіны. Атрымліваецца, што мы трацім валюты больш, чым прыцягваем.
Вядома, тут трэба ўлічваць, што валюта ў нас найперш расійская, а не долары і еўра, бо Расія — наш галоўны гандлёвы партнёр. І беларускі рубель абясцэніўся адносна расійскага на 11%.
— А чаму ён умацоўваецца адносна долара?
— Ёсць некалькі прычын. Першая — унутраны попыт на долары ў нас ніжэйшы, чым прапанаванне. Сёння адбываецца такая «прымусовая ліквідацыя» валютных запасаў як з боку фізічных, так і з боку юрыдычных асоб.
— Што або хто іх прымушае?
— Бізнесу цяпер патрэбныя грошы, каб заплаціць ПДВ, бо надышоў час падатковых плацяжоў. Акрамя таго, трэба плаціць заробкі, патрэбныя абаротныя сродкі. Таму яны канвертуюць свае валютныя запасы ў беларускія рублі, каб своечасова правесці ўсе плацяжы.
Таксама на бізнес уплывае моцны рост цэн на імпартныя тавары. Яны растуць з-за павелічэння лагістычных выдаткаў, што адбіваецца на страхавых узносах.
І гэта я ўжо адзначыла б як тэндэнцыю, якая нікуды не дзенецца, нават калі, дапусцім, у Армузскай пратоцы ўдасца ўрэгуляваць канфлікт, і судны зноў пачнуць хадзіць бесперашкодна.
Страхавыя кампаніі ўсё адно будуць закладваць у кошт страхоўкі гэтыя рызыкі. То бок страхавыя ўзносы і кошт транспарціроўкі застануцца падвышанымі.
Павялічыцца сабекошт тавараў, а ўзрослыя выдаткі будуць і далей перакладаць на пакупніка. То бок цэны на імпартныя тавары ў Беларусі працягнуць расці.
— Як гэта адаб’ецца на курсе долара?
— Курс долара залежыць ад таго, ці будуць у ЗША зноў павышаць ключавую стаўку, як яны гэта ўжо рабілі ў апошнія гады, каб стрымаць інфляцыю. Калі павысяць, долар зноў умацуецца як сусветная валюта. І ў Беларусі таксама.
Моцна будзе ўплываць і расійскі фактар. Нізкі курс долара ім цяпер нявыгадны для бюджэту. Хутчэй за ўсё, яны будуць прымаць меры, каб яго павышаць. Паводле прагнозаў іх экспертаў, да лета курс долара будзе роўны 95–100 рублям. І гэта таксама будзе адлюстроўвацца на курсе ўнутры нашай краіны.
Шмат што залежыць і ад паводзінаў саміх беларусаў. Цяпер мы назіраем, што бізнес здае валюту. Але можа адбыцца і адваротная сітуацыя, калі бізнес пачне больш набываць валюту, бо цэны на імпартныя тавары будуць расці.
У такім разе курс долара таксама будзе ўмацоўвацца. Але і фізасобы — ці будуць яны і далей актыўна прадаваць валюту, або ўбачаць нейкія мінімальныя рухі росту і, як гэта бывае, пабягуць у абменнікі скупляць долары?
Падкрэслю, што інфляцыя ўнутры краіны, а цэны працягваюць расці, таксама вядзе да абясцэньвання нацыянальнай валюты.
— Крызіс у рознай ступені цяпер перажываюць многія краіны. Ці з’яўляецца становішча нашай краіны больш уразлівым і ў чым?
— Тое, што мы назіраем у эканоміцы Беларусі, — гэта не ўстойлівыя і структуральныя змены, а ўплыў знешніх фактараў. І сам Лукашэнка з гэтымі фактарамі нічога зрабіць не можа.
Так, ён часова скарыстаўся сітуацыяй. Але пры гэтым у Беларусі сапраўды даволі ўразлівае становішча, бо яна цалкам залежыць ад таго, што адбываецца ў Расіі.
А там надыходзіць моцны эканамічны крызіс, фактычна рэцэсія. Вялізныя выдаткі на вайну прывялі да таго, што ўжо за першы квартал дэфіцыт бюджэту выйшаў за межы гадавога плану.
Спыніліся інфраструктурныя аб’екты, у некаторых рэгіёнах бюджэтнікам з пачатку года затрымліваюць заробкі. Сур’ёзны спад прызнаюць і Пуцін, і ўрад.
На РФ прыпадае 60–70% беларускага экспарту, яшчэ 15% ідзе ў трэція краіны, але праз расійскую тэрыторыю, а значыць, таксама залежыць ад Расіі.
На фоне іх крызісу істотна скараціцца экспарт нашых тавараў грамадзянскага прызначэння. Асабліва гэта ўдарыць па машынабудаванні. Насамрэч тэндэнцыя захоўваецца з мінулага года: ужо тады вельмі ўпалі продажы нашых самазвалаў БелАЗ.
Зразумела, што такое становішча будзе біць па ўсёй эканоміцы краіны, бо іншых рынкаў збыту практычна няма. Такія высновы можна рабіць і зыходзячы з таго, што ўпершыню складскія запасы ў нас дасягнулі больш як 100% месячнага аб’ёму вытворчасці.
Таму тыя самыя 20% росту экспарту, падкрэслю, у вартасным выражэнні — усяго толькі кароткатэрміновы эфект ад знешніх фактараў.