BE RU EN

Скандал з рэзкім падаражаннем жылля ў Жодзіне набыў нечаканы паварот

  • 10.06.2026, 8:25

Чым скончылася гучная гісторыя?

Жыхарам кааператыва «Навуковы-2022» у Жодзіне паабяцалі не павышаць кошт кватэр пасля нядаўняга скандалу з рэзкім ростам кошту квадратнага метра незадоўга да здачы дома. Пасля праверкі дакументаў кошт вернецца да ўзроўню, пазначанага ў дагаворах, піша «Мінская праўда».

У Жодзіне 9 чэрвеня адбыўся паўторны сход членаў жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыва «Навуковы-2022», удзельнікі якога раней паскардзіліся на чарговае падаражанне жылля перад самым завяршэннем будаўніцтва.

Старшыня Жодзінскага гарвыканкама Аляксандр Цывако паведаміў, што пасля аналізу каштарысаў, рахункаў і аб'ёмаў выкананых работ кошт будаўніцтва пералічылі.

«Перавышэння кошту не будзе. З улікам скарэктаваных дакументаў выходзім на тыя лічбы, што ў вас у дагаворах», — заявіў ён.

Па словах чыноўніка, прычынай рознагалоссяў стала адсутнасць у падрадчыка актуалізаваных каштарысаў. Ён таксама запэўніў, што наступныя разлікі не прывядуць да росту кошту кватэр.

Нагадаем, раней члены ЖСПК «Навуковы-2022», у склад якога пераважна ўваходзяць працаўнікі бюджэтнай сферы, запісалі відэазварот з просьбай разабрацца ў чарговым павышэнні кошту квадратнага метра.

Па іх словах, за час будаўніцтва кошт вырас з 1570 да 3296 рублёў за квадратны метр, а кошт усёй кватэры — у сярэднім на 10–12 тысяч рублёў. Пры гэтым апошняе павышэнне адбылося менш чым за два тыдні да запланаванага завяршэння работ.

Жыхары заяўлялі, што не атрымалі зразумелых тлумачэнняў прычын падаражання і баяцца далейшага росту кошту жылля.

Пасля звароту дольшчыкаў заказчык будаўніцтва пачаў дадатковую праверку фінансавых разлікаў з удзелам спецыялістаў абласнога УКС.

Апошнія навіны