BE RU EN

«У дзяцей шмат свабоды»

  • 10.06.2026, 10:41

Ірэна Бернацкая, палітзняволеная па справе Саюза палякаў, цяпер працуе выхавальніцай у Беластоку.

Ірэну Бернацкую затрымалі ў той жа дзень, што і Анджэя Пачобута. Пасля двух месяцаў утрымання пад вартай яе вывезлі ў Польшчу без дакументаў.

Цяпер яна жыве ў Беластоку і працуе ў дзіцячым садку выхавальніцай. MOST пагутарыў з Ірэнай пра тое, ці складана знайсці працу ў іншай краіне ў яе ўзросце і чым польскія дзіцячыя сады адрозніваюцца ад беларускіх.

Упершыню затрымалі за малітву

Да пераезду ў Польшчу Ірэна жыла ў Лідзе і была кіраўніцай Лідскага аддзялення Саюза палякаў.

— У нас была школа пры Саюзе палякаў. Дзеці прыходзілі, вучылі мову, спявалі, паказвалі свае здольнасці, займаліся творчасцю. Я хоць па адукацыі інжынер, але ўсё жыццё працавала з дзецьмі. Пэўны час — з тымі, хто мае інваліднасць. Мне гэта заўсёды падабалася, — распавядае яна.

У 2020 годзе Ірэну ўпершыню затрымалі — яна разам з іншымі вернікамі выйшла да касцёла і малілася за тых, хто пацярпеў ад дзеянняў беларускіх сілавікоў.

— У маім узросце гэта было адзінае, што можна было зрабіць, — дапамагаць малітвай.

Вывезлі без дакументаў

У 2021 годзе ў школу пры Саюзе палякаў, а потым і дадому да Ірэны прыйшлі з ператрусам. Жанчыну затрымалі 25 сакавіка ў межах крымінальнай справы аб рэабілітацыі нацызму. Па гэтым жа артыкуле былі затрыманыя і іншыя прадстаўнікі Саюза палякаў: Анжаліка Борыс, Анджэй Пачобут, Марыя Тышкоўская і Ганна Панішава.

Ірэну ў той дзень адвезлі на допыт у Следчы камітэт у Мінску, адтуль перавялі ў СІЗА. У зняволенні яна правяла два месяцы.

25 мая Бернацкай загадалі сабраць рэчы і выйсці. Ёй паведамілі, што яна будзе знаходзіцца дома пад наглядам і абавязана адзначацца ў Лідскім РАУС і Следчым камітэце. Дакументы перадалі не ёй, а мужчыну ў масцы, які яе суправаджаў.

Потым Ірэну пасадзілі ў машыну без нумароў і павезлі ў невядомым напрамку. Па дарозе яна баялася, што яе могуць вывезці за горад і забіць. Аднак машыну павярнулі ў бок Гродна, а затым — да мяжы.

Там яе разам з іншымі фігуранткамі справы — Марыяй Тышкоўскай і Ганнай Панішавой — перадалі польскаму боку. Усіх траіх вывезлі без пашпартоў і якіх-небудзь дакументаў.

«Знайсці добрую працу ў маім узросце было цяжка»

Першыя месяцы ў Польшчы Ірэна ўспамінае як вельмі цяжкія. Нягледзячы на добрае валоданне польскай мовай, знайсці стабільную працу было няпроста.

— Я хадзіла, падпрацоўвала — прыбірала, падмятала. Было шмат знаёмых, многія хацелі дапамагчы. Але знайсці добрую працу ў маім узросце цяжка.

З цягам часу ёй прапанавалі месца ў дзіцячым садку. Ірэна прызнаецца: гэта стала магчымым толькі дзякуючы асабістым знаёмствам.

— У мяне савецкі дыплом, але дырэктарка яго прызнала. Мне вельмі дапамаглі добрыя людзі — сама, напэўна, я б гэтай працы не знайшла.

«У дзяцей шмат свабоды»

Хоць праца патрабуе шмат энергіі, Ірэна кажа, што адчувае сябе ў садку як дома — шмат у чым дзякуючы адносінам з калегамі і бацькамі.

— Рэжым тут, напэўна, як і ўсюды. Дзеці прыходзяць ужо а 6:30, а сыходзяць а 16:30. І ўвесь дзень з імі: і патанцаваць, і пакарміць, і пагуляць. Трэба ўпрыгожыць залу, падрыхтаваць усё да заняткаў, змяняць афармленне групы ў залежнасці ад поры года.

Галоўнае адрозненне ад беларускай сістэмы, паводле яе слоў, — у падыходзе да дзяцей.

— У нас (у Беларусі) была дысцыпліна — ад старэйшага да малодшага. А тут дзецям даюць больш любові і ласкі. У дзяцей шмат свабоды: хочуць — спяць, хочуць — не. Ніхто не прымушае. Хочаш — адпачываеш, хочаш — гуляеш. Дзеці не хочуць ісці дадому.

З бацькамі дзяцей, кажа Ірэна, адносіны складаюцца добра.

— З многімі мы знаёмыя асабіста або праз агульных знаёмых. Усё ж Беласток блізка да Гродзенскай вобласці. Тут шмат сваіх.

У дзіцячым садку Ірэна працуе па працоўным дагаворы — працадаўца плаціць усе сацыяльныя ўзносы, у жанчыны ёсць аплатны адпачынак і бальнічныя.

— Зарплата ў мяне мінімальная па краіне — каля 4600 злотых. Але мы з мужам жывём удвух, дзеці ўжо дарослыя, таму мне хапае.

У сакавіку Ірэне споўнілася 60 гадоў, і яна ўжо можа выйсці на пенсію. Год таму ёй удалося перавесці беларускі стаж у Польшчу — ён будзе ўлічвацца пры вызначэнні агульнага працоўнага стажу.

— Я магу разлічваць на мінімальную польскую пенсію — каля 1900 злотых. У будучыні, магчыма, перайду на ўмову-злеценьне (дагавор даручэння працы) і буду працаваць толькі на заменах у дзіцячым садку — ад выпадку да выпадку.

Апошнія навіны