BE RU EN

Вясна прынесла беларусам рэкорды

  • 10.06.2026, 12:35

Партрэт ад сіноптыкаў.

Вясна 2026 года ў Беларусі выдалася вельмі кантраснай. Па некаторых паказчыках былі абноўлены рэкорды, распавяла начальніца аддзела Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыяцыйнага забруджання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Вольга Бакланава, перадае БелТА.

Яна апісала партрэт цяперашняй вясны.

Паводле слоў сіноптыка, сакавік увайшоў у гісторыю метэаназіранняў як анамальна цёплы і сухі.

«Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра ў сакавіку склала плюс 5,8 градуса, што вышэй за кліматычную норму на пяць градусаў. На 90% станцый былі абноўлены рэкорды сярэднемесячнай тэмпературы паветра 2007, 2014 і 2025 гадоў. Раней самы цёплы сакавік адзначаўся ў Беларусі ў 2007 і 2025 гадах, калі сярэднемесячная тэмпература паветра складала плюс 5,2 градуса», — адзначыла экспертка.

Максімальная тэмпература дня была зафіксавана 31 сакавіка ў Касцюковічах і склала +20°С. Па ападках у гэтым месяцы было заўважна горш. На станцыях «Жлобін» і «Слаўгарад» і ўвогуле за месяц не ўпала ні кроплі.

Што па красавіку?

Красавік 2026-га ў Беларусі выдаўся прахалодным. Тэмпература адхілялася ад кліматычнай нормы ў меншы бок на 1,4°С.

Паводле слоў прадстаўніцы Белгідрамета, «больш халодны красавік у Беларусі бывае прыкладна раз на чатыры гады, а самым халодным за пасляваенны перыяд быў красавік 1955 года». Сярэдні месяц вясны таксама выдаўся на дзіва сухім.

Май не падвёў

Затое май усё выправіў — і заліло, і пацяплела. Найцяплей было 21 мая ў Слаўгарадзе і Жлобіне (+31°С).

Ападкаў за месяц у сярэднім па краіне выпала 71 мм. На станцыі «Мінск» і ўвогуле быў перавышаны месячны максімум — 143 мм ападкаў (папярэдні рэкорд зафіксаваны ў 1984-м — 132 мм за месяц). А на станцыі «Бярэзіно» зафіксавалі рэкордна вільготны дзень — 8 мая тут выпала 52 мм ападкаў, што больш, чым у 1973 годзе (47 мм).

У цэлым вясна 2026-га перавысіла кліматычную норму на 1,5°С. Паводле слоў Вольгі Бакланавай, за ўвесь перыяд інструментальных назіранняў з 1881 года такі цёплы сезон «фіксуюць» у сярэднім адзін раз на 18 гадоў.

Найцяплей за апошнія амаль 150 гадоў было ў 1921 годзе. Тады сярэдняя сезонная тэмпература паветра склала +10,3°С, у 2026 годзе — +8,8°С.

Апошнія навіны