У Магілёве на вайсковыя зборы адправілі васьмікласнікаў
- 13.06.2026, 13:27
Па ўсёй краіне гэта абавязкова толькі для вучняў 10-х класаў.
Абавязковыя дзесяцідзённыя вучэбна-палявыя зборы з гэтага года ўведзены ў Беларусі для вучняў 10-х класаў. Аднак у Магілёве вырашылі гэтым не абмяжоўвацца і адправілі на зборы на базе 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады ў вёсцы Пашкава васьмікласнікаў Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча, паведамляе «Белсат».
«Мэтай збораў стала замацаванне на практыцы ведаў, атрыманых цягам навучальнага года, і пагружэнне кадэтаў у атмасферу рэальнай армійскай службы. Праграма збораў была максімальна насычанай і змяшчала асноўныя элементы баявой падрыхтоўкі», – распавядаецца на Instagram-старонцы вучылішча.
Зборы праходзілі з 1 па 5 чэрвеня. Для дзяцей была арганізаваная стральба з аўтамата Калашнікава АК-74 у поўнай баявой амуніцыі. Таксама вучням трэба было здаваць нарматывы па надзяванні сродкаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны і вывучаць алгарытмы дзеянняў ва ўмовах прымянення зброі масавага паражэння. Падлеткі фактычна беглі крос у сродках РХБА.
Вучэбна-палявыя зборы для 10-класнікаў праходзілі ў Беларусі з 26 мая па 4 чэрвеня. Сёлета іх падоўжылі да 10 дзён і зрабілі кругласутачнымі і абавязковымі - без удзелу ў іх вучня могуць не перавесці ў 11-ы клас.
«На нашу думку, тое, як адбываецца мілітарызацыя дзяцей і ў якім выглядзе яна праводзіцца, безумоўна, можа мець дачыненне да магчымых канфліктаў у будучыні, калі да не вельмі вялікага беларускага войска можна будзе далучыць моладзь», – казаў прадстаўнік BELPOL у каментары «Белсату».