«Вы не абыграеце фокусніка»
- 13.06.2026, 15:48
Што рабіць, калі вас спрабуюць вербаваць спецслужбы.
Як не трапіць у сітуацыю, калі любую камунікацыю сілавікі могуць выкарыстоўваць супраць вас? Вядоўцы «Раніцы з Белсатам» спыталі ў члена арганізацыі «Прававая ініцыятыва», праваабаронцы Сяргея Устынава.
Вербаваць апанентаў улады або прадстаўнікоў асяроддзя, якія ёй цікавыя, сілавікі спрабавалі заўсёды — гэта найперш спосаб атрымання інфармацыі. Тое, што цяпер пра гэтыя выпадкі становіцца вядома больш, Сяргей Устынаў звязвае з развіццём сацыяльных сетак і, часам, гатоўнасцю беларусаў расказваць пра гэта, калі яны ўжо знаходзяцца ў бяспецы па-за межамі краіны.
Сёння ў групе рызыкі — кожны чалавек, дадае праваабаронца. КДБ можа зацікавіцца любой сферай актыўнасці беларусаў.
«У падзеях 2020 года ўдзельнічалі шырокія пласты насельніцтва, — кажа ён. Людзі, больш-менш актыўныя за мяжой, — тыя ж айцішнікі, якія камунікуюць у сваіх колах, творчыя гурткі, трэнінгі, — усё ўяўляе цікавасць для рэжыму і з'яўляецца кропкай збору інфармацыі.
Іншае пытанне — ці патрэбная яна ім. Гэта будзе вырашацца ўжо пасля, але чым больш інфармацыі і інфарматараў у чэкістаў, тым большая верагоднасць атрымаць нешта патрэбнае».
Як вядома, КДБ шукае ўразлівыя месцы; сярод тых, хто выехаў, імі могуць быць як проста сваякі ўнутры краіны, так і блізкія з ліку палітвязняў. Прадстаўнікоў ЛГБТ, якія не зрабілі камінг-аўт, могуць шантажаваць раскрыццём іх прыватнага жыцця. Тых, хто перажывае фінансавыя цяжкасці, могуць спрабаваць завабіць нейкай аплатай за інфармацыю.
«Калі ты напісаў у сацсетках пра свае праблемы, пра гэта вядома ўжо не толькі тваім сябрам, але і спецслужбам, якія гэта прачыталі. У іх ужо ёсць ключык, як падбірацца да цябе. Чалавеку трэба даць тое, чаго ён хоча. Калі ён закрыты і не мае сяброў — трэба стаць сябрам. Няма грошай — «я дапамагу табе грашыма». Праблемы з пашпартам? «Прыедзеш у Беларусь, зробім табе пашпарт, паедзеш назад і будзеш толькі час ад часу нам нешта пісаць».
«Калі вы згаджаецеся на гэты маленькі крок, надалей на вас могуць ціснуць інакш: «Вось ты ўжо завербаваны, калі мы гэта апублікуем, з табой перастануць вітацца, ты будзеш ніхто, ні палітычная, ні актывісцкая супольнасць не будзе з табой размаўляць». Разумееце, гэта ператвараецца ў вялікі сняжны ком, як толькі ты дапусціў магчымасць невялікага супрацоўніцтва з сілавіком».
Таму праваабаронца раіць не паддавацца на правакацыі. Паводле яго, найлепшы варыянт, калі з вамі звязваюцца спецслужбы, — увогуле не выходзіць на кантакт.
«Першая і галоўная памылка — думаць, што зможаш абыграць чэкіста, і ўступіць з ім у любы кантакт.
Зразумейце: вы фокусніка не абыграеце. [Кагэбістаў] вучаць гэтаму шмат гадоў — пачынаючы са спецустаноў і заканчваючы штодзённай працай. Яны з'яўляюцца, скажам так, прафесійнымі псіхолагамі нават без дыплома. Яны штодня камунікуюць з вялікай колькасцю людзей і «тэстуюць» псіхатыпы асобаў. І калі мы пачынаем з імі размаўляць, даём магчымасць падабраць да сябе ключык, націснуць, задаць нейкае пытанне, зачапіць», — адзначае Устынаў.
Калі кантакт ужо адбыўся, эксперт раіць публічна пра гэта расказаць: паведаміць калегам, знаёмым, а лепш — СМІ.
«У тым, каб расказаць пра размову з супрацоўнікам КДБ, няма нічога ганебнага. Так, людзі слабыя, кагосьці чымсьці прыціснулі, але заўсёды ёсць магчымасць сказаць «не» і адкрыта ўсё расказаць, — кажа праваабаронца.
Любы сакрэтны супрацоўнік губляе сваю карысць пасля таго, як яго раскрываюць: бо ён ужо больш не сакрэтны, у ім няма сэнсу. Таму галоўнае, што трэба зрабіць, — абнародзіць факт, што з вамі выходзяць на сувязь спецслужбы.
У прынцыпе, не варта баяцца нейкіх наступстваў, бо большасць пагроз — не больш як псіхалагічны ціск».
Як зразумець, што піша менавіта спецслужбіст? Трывожнымі сігналамі мусяць стаць паведамленні або пытанні ад невядомых людзей пра асабістае жыццё, палітычную ці грамадскую актыўнасць, — кажа Сяргей Устынаў.
«І прычым гэта падвышаная цікавасць, а не проста дзесьці ў бары: «чым ты займаешся?» — і далей размова пра надвор'е. Узнікае пытанне: чаму старонні чалавек цікавіцца маім асабістым жыццём? — адзначае суразмоўца і дадае: — Думаю, мы яшчэ пачуем шмат розных гісторый».