«Бухгалтарская акрабатыка Набіуллінай»
- 13.06.2026, 16:13
Нямецкі эканаміст патлумачыў, чаму выдаткі РФ на вайну анамальна выраслі.
У першым квартале 2026 года ваенныя выдаткі Расійскай Федэрацыі дасягнулі беспрэцэдэнтных 5,9 трыльёна рублёў, што на 30% перавышае паказнік аналагічнага перыяду мінулага года, калі яны складалі 4,5 трыльёна.
Пра гэта ў сваёй аналітыцы, апублікаванай у пятніцу, 12 мая, паведамляе нямецкі эканаміст Яніс Клюге, піша New Voice.
На фінансаванне войска пайшло 46% усіх выдаткаў федэральнага бюджэту — гэта значыць амаль кожны другі рубель, выдаткаваны Крамлём.
Галоўнай рухаючай сілай гэтага скачка стала засакрэчванне артыкулаў выдаткаў, якія павялічыліся на 43% у параўнанні з пачаткам мінулага года. Такі імклівы рост ставіць пад сумнеў першапачатковы фінансавы план Масквы, паводле якога ў 2026 годзе планавалася скараціць ваенныя асігнаванні да 6,2% ВУП супраць 7,8% у 2025 годзе.
Разам з тым толькі за першыя тры месяцы бягучага года ваенныя выдаткі ўжо паглынулі дзве траціны ўсіх падатковых паступленняў РФ, якія істотна скараціліся праз узмацненне нафтавых санкцый і агульнае астуджэнне расійскай эканомікі.
Клюге вылучае дзве верагодныя прычыны такога анамальнага росту выдаткаў на пачатку года. Першая з іх — «бухгалтарская акрабатыка» расійскага Міністэрства фінансаў, якое магло свядома перанесці частку ваенных выплат з канца 2025 года на пачатак 2026-га, каб штучна ўтрымаць дэфіцыт леташняга бюджэту ў межах запланаваных паказчыкаў. На карысць гэтай версіі сведчаць нетыпова нізкія аб’ёмы сакрэтных выдаткаў у снежні мінулага года.
Другім тлумачэннем можа быць празмернае авансаванне кантрактаў на закуп узбраення ў першым квартале. Дакладна вызначыць, ці сведчаць гэтыя даныя пра рэальнае паскарэнне тэмпаў фінансавання вайны да 9–10% ВУП, ці пра звычайны зрух графікаў плацяжоў, аналітыкі змогуць пасля публікацыі падрабязнай бюджэтнай статыстыкі за другі квартал, якая чакаецца напрыканцы лета.
Адзначым, у даследаванні Інстытута сусветнай эканомікі ў Кіле і Стакгольмскага інстытута пераходнай эканомікі гаворыцца, што ліквідныя актывы Фонду нацыянальнага дабрабыту РФ за гады вайны супраць Украіны скараціліся ў тры з паловай разы, а даходы ад нафтагазавага сектара ўпалі амаль удвая.
Агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы 1 чэрвеня 2026 года пісала, што чыноўнікі Міністэрства фінансаў і Цэнтральнага банка Расіі папярэдзілі Крэмль, што цяперашні ўзровень прагназуемых выдаткаў на вайну супраць Украіны пагражае небяспечным павелічэннем дэфіцыту дзяржбюджэту.