У Паволжжы следам за Масквой і Пецярбургам увялі ліміт на продаж бензіну
- 13.06.2026, 20:26
Украіна дабілася сваёй мэты.
У Расійскім Татарстане на АЗС кампаніі «Татнефть» увялі абмежаванні на адпуск паліва. Кіраўнік рэспублікі Рустам Мінніханаў паведаміў, што на асобных АЗС зафіксаваныя чаргі, у сувязі з чым прынята рашэнне аб лімітах: не больш за 20 літраў бензіну ў адны рукі на працягу сутак; да 40 літраў дызеля для лёгкавых аўтамабіляў і да 200 літраў — для грузавых, піша The Moscow Times.
Падобныя меры, паводле дадзеных «Улпрессы», дзейнічаюць і на заправачных станцыях кампаніі «Татнефть» ва Ульянаўску.
Як раней паведамляў тэлеканал «78», ліміты (20 літраў бензіну) увялі і ў Санкт-Пецярбургу. Чытачы «Асцярожна, навіны» заўважылі такую ж аб’яву на запраўцы «Татнефть» у падмаскоўным Лыткарыне. Маскоўскія АЗС найбуйнейшых сетак таксама з 12 чэрвеня ўвялі абмежаванні: на станцыях кампаніі «Татнефть» — да 20 літраў бензіну і да 40 літраў дызеля ў адны рукі. На запраўках кампаніі «Роснефть» у сталіцы ўсталяваны агульны ліміт — да 90 літраў у бак або каністру, а «Лукойл» адпускае не больш за 100 літраў бензіну або дызеля за адзін чэк.
Збоі з палівам у Маскоўскай вобласці пачаліся яшчэ ў канцы мая. Сетка ОРТК з 30 мая ўвяла абмежаванне — не больш за 60 літраў бензіну і 100 літраў дызеля ў адны рукі. У «Газпроме» ўсталявалі ліміты ў 100–150 літраў. «Лукойл» тады абмяжоўваў толькі бензін (да 100 літраў), а ў кампаніях «Роснефть» і «Татнефть» заяўлялі, што агульных абмежаванняў няма, але асобныя АЗС могуць уводзіць іх лакальна.
На недахоп бензіну і дызеля раней скардзіліся жыхары Белгарадскай, Разанскай абласцей, Краснадарскага краю і многіх іншых рэгіёнаў. Паводле падлікаў «7×7», да 10 чэрвеня не менш за 25 расійскіх суб’ектаў (без уліку акупаваных тэрыторый Украіны) сутыкнуліся з дэфіцытам паліва і збоямі ў пастаўках. З улікам шасці захопленых украінскіх рэгіёнаў — Крыму, Севастопаля, Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запарожскай абласцей — колькасць праблемных рэгіёнаў дасягае 31.
Прычына дэфіцыту — сістэматычныя ўдары Узброеных сіл Украіны па расійскай нафтавай інфраструктуры. Найбольш цяжкая сітуацыя цяпер склалася ў Крыме, куды пастаўкі бензіну ўскладнены з-за удараў дронаў па трасе, што злучае анексаваны паўвостраў з Растоўскай вобласцю.