Адна фраза ў дакуменце дапамагла мінчаніну выйграць спрэчку з дылерам
- 14.06.2026, 9:30
Уладальніку машыны выплацілі 5 тысяч рублёў.
Мінчанін адсудзіў у афіцыйнага дылера кампенсацыю пасля некалькіх безвыніковых рамонтаў аўтамабіля. Уладальніку машыны выплацілі 5 тысяч рублёў маральнай шкоды, а таксама прадаставілі бясплатнае тэхнічнае абслугоўванне і дадатковую гарантыю, распавялі агенцтву «Мінск-Навіны» у Рэгіянальным таварыстве абароны правоў спажыўцоў.
Мужчына набыў аўтамабіль з невялікім прабегам больш як за 42 тысячы рублёў. Аднак ужо праз некалькі месяцаў у машыны пачаліся праблемы са стоп-сігналамі. Пасля першага гарантыйнага рамонту няспраўнасць вярнулася, а потым стала яшчэ горш: сігналы працавалі хаатычна, а аднойчы аўтамабіль увогуле не завёўся.
За няпоўны год дылер тройчы рамантаваў машыну, але праблема з’яўлялася зноў. Пасля чарговай паломкі ўладальнік патрабаваў скасаваць дагавор куплі-продажу, вярнуць грошы за аўтамабіль і кампенсаваць маральную шкоду.
Паводле слоў юрысконсульта Рэгіянальнага таварыства абароны правоў спажыўцоў Анастасіі Рудак, падчас разгляду прэтэнзіі дылер паспрабаваў пазбавіць кліента магчымасці самастойна выбраць спосаб абароны сваіх правоў.
«Спецыялісты правялі дэфектацыю і, не пытаючы згоды ўласніка транспарту, замянілі выключальнік тармазнога сігналу. Праз некалькі дзён кліенту прыйшоў адказ: «Вашае патрабаванне аб вяртанні грошай неабгрунтаванае, бо аўтамабіль цалкам спраўны. Мы ўсё адрамантавалі, забірайце машыну», — распавяла спецыялістка.
Аднак уладальнік аўтамабіля пазначыў у дакументах, што не даваў згоды на правядзенне рамонту. Гэты запіс пасля стаў адным з ключавых аргументаў у судзе.
«Згодна з Законам «Аб абароне правоў спажыўцоў», дылер не мае права пазбаўляць чалавека выбару. Адзначу, што мінчанін праявіў зайздросную пільнасць. Забіраючы дакументы, у сертыфікаце кантролю ён уласнаручна зафіксаваў: «Згоды на выкананне прац па замене выключальніка не даваў». Гэты радок стаў нашым галоўным козырам у судзе», — адзначыла Рудак.
Бакі не змаглі ўрэгуляваць спрэчку ў досудовым парадку, і справа дайшла да суда. У ходзе разбіральніцтва прадстаўнік дылера прапанаваў заключыць міровае пагадненне.
«Калі мы расклалі па датах усе звароты, паказалі акты агляду і запіс пра адмову ад рамонту, адвакат адказчыка зразумеў: рызыка прайграць справу цалкам — са штрафамі, пенямі, судовымі выдаткамі — вялікая. І прапанаваў міравую», — распавяла юрысконсульт.
У выніку мінчанін захаваў аўтамабіль, а дылер выплаціў яму 5 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Акрамя таго, кампанія абавязалася забяспечыць бясплатнае тэхнічнае абслугоўванне машыны на працягу некалькіх гадоў і прадаставіць дадатковую гарантыю.
«Спажывец, які першапачаткова быў настроены на поўнае вяртанне грошай, у ходзе перамоваў пагадзіўся пакінуць машыну сабе, аднак на выгадных умовах. Яму выплацілі 5000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Плюсам ішлі пакет бясплатных тэхнічных абслугоўванняў на некалькі гадоў наперад і дадатковае гарантыйнае абслугоўванне», — паведаміла Рудак.
У таварыстве абароны правоў спажыўцоў нагадалі, што пры ўзнікненні гарантыйных няспраўнасцяў усе звароты варта афармляць пісьмова.