Пуцін паразмаўляў па тэлефоне з Трампам
- 14.06.2026, 20:28
Дыктатар РФ павіншаваў прэзідэнта ЗША з юбілеем.
Дыктатар Расіі Уладзімір Пуцін правёў тэлефонную размову з амерыканскім калегам Дональдам Трампам і павіншаваў яго з 80-годдзем, паведамляе Крэмль.
Трамп быў крануты віншаваннямі Пуціна, падзякаваў і распавёў, што прэзідэнт Расіі першым з замежных лідараў патэлефанаваў яму сёння, адзначыў памочнік прэзідэнта Юрый Ушакоў.
«Зносіны мелі сяброўскі і адкрыты характар і працягваліся каля гадзіны. Калі хочаце дакладны хранаметраж, дык роўна 55 хвілін», — сказаў ён.
Акрамя таго, Трамп перадаў расійскаму лідару прывітанне ад сваёй жонкі — першай лэдзі ЗША Меланіі Трамп. Пуцін, у сваю чаргу, выказаў ёй найлепшыя пажаданні і звярнуў увагу на ролю Меланіі ў уз’яднанні расійскіх і ўкраінскіх дзяцей з сем’ямі, дадаў Ушакоў.
Апошні раз Пуцін і Трамп размаўлялі па тэлефоне 29 красавіка па ініцыятыве расійскага боку, размова працягвалася больш за паўтары гадзіны.