Картрыдж з «Супер Марыё» пайшоў з малатка за $3 млн
- 14.06.2026, 20:56
Гэта самая высокая цана на вінтажную відэагульню ў гісторыі.
Копія легендарнай гульні Super Mario Bros. у нераспячатанай арыгінальнай упакоўцы была прададзена на аўкцыёне Heritage Auctions за рэкордныя $3 млн.
І гэта самая высокая сума, калі-небудзь заплачаная за вінтажную відэагульню, паведамляе The Verge.
Папярэдні сусветны рэкорд належаў іншай копіі той жа гульні — у 2021 годзе яе прадалі за $2 млн. Бягучы лот таксама апярэдзіў нядаўна прададзены картрыдж Super Mario 64, які пайшоў за $1,56 млн.
Сакрэт высокай цаны — у рэдкасці экзэмпляра. Картрыдж выпушчаны ў 1985 годзе і запячатаны не звыклай тэрмаўсадкавай плёнкай, а рэдкай глянцавай налепкай. Nintendo неўзабаве перастала выкарыстоўваць такі тып упакоўкі.
Арганізатары аўкцыёну заявілі, што гэта самая ранняя з вядомых на сёння запячатаных копій гульні.
За апошнія некалькі гадоў цэны на старыя гульнявыя рэліквіі рэзка выраслі. Для параўнання: у 2020 годзе аналагічная копія Super Mario Bros. устанавіла тагачасны рэкорд таргоў Heritage Auctions, але была прададзена ўсяго за $114 тыс.
То бок за шэсць гадоў рыначная вартасць падобных лотаў павялічылася амаль у 30 разоў.