BE RU EN

ЗША і Іран дасягнулі мірнага пагаднення

  • 15.06.2026, 7:38

(абноўлена) Трамп заявіў пра адкрыццё Армузскага праліва.

ЗША і Іран дасягнулі мірнага пагаднення і дамовіліся аб неадкладным і пастаянным спыненні ваенных аперацый на ўсіх франтах, у прыватнасці ў Ліване.

Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Пакістана Шахбаз Шарыф у сацсетцы X.

Паводле яго слоў, афіцыйнае падпісанне пагаднення запланавана на 19 чэрвеня ў Швейцарыі. Да гэтага пасярэднікі павінны правесці шэраг сустрэч для падрыхтоўкі тэхнічных перамоў і ўрачыстасці падпісання.

Шарыф адзначыў, што Пакістан працягвае працаваць з абодвума бакамі над завяршэннем наступных крокаў мірнага працэсу.

Са свайго боку прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што дамоўленасці з Іранам канчаткова ўзгодненыя.

«Пагадненне з Ісламскай Рэспублікай Іран завершана. Віншую ўсіх!» — напісаў Трамп.

Таксама ён заявіў пра «бяспошліннае адкрыццё» Армузскага праліва і неадкладнае спыненне ваенна-марской блакады ЗША ў рэгіёне.

Намеснік міністра замежных спраў Ірана Казем Гарібабадзі, як піша «Нямецкая хваля», пацвердзіў падпісанне дамоўленасцяў з ЗША. Паводле яго слоў, бакі падпішуць «мемарандум аб узаемаразуменні».

Паводле слоў Гарібабадзі, ужо пасля гэтага цягам 60 дзён будуць весціся перамовы аб дасягненні канчатковага мірнага пагаднення, і ў гэты час Іран будзе сачыць за выкананнем палажэнняў мемарандума, «трымаючы палец на спускавым кручку».

Тым часам іранскае агенцтва Mehr News апублікавала яшчэ адзін тэкст меркаванага мемарандума. У цэлым ён вельмі блізкі да таго, што агенцтва публікавала мінулага тыдня. Мемарандум прадугледжвае спыненне баявых дзеянняў у Ліване, адкрыццё праліва, зняцце санкцый з Ірана і далейшыя перамовы па ядзернай праграме.

Апошнія навіны