BE RU EN

«Лукашэнка пасыплецца ў адно імгненне»

  • 17.06.2026, 12:50

Украінскі дэпутат раскрыў, чаму дыктатар пачаў выбачацца перад Зяленскім.

У інтэрв'ю тэлеканалу «Аль-Арабія» Лукашэнка паспрабаваў прадставіць сябе прыхільнікам міру і заявіў, што не хоча ўцягвання Беларусі ў вайну супраць Украіны.

Чаму Лукашэнка менавіта цяпер вырашыў выступіць з такімі заявамі і зноў прымераць на сябе ролю «міратворцы»? Гэтае пытанне сайт Charter97.org задаў дэпутату Вярхоўнай Рады Украіны ад партыі «Слуга народа» Алегу Дундзе:

— Перш за ўсё Лукашэнка пацвердзіў, што Беларусь дэ-факта з'яўляецца краінай, якая не можа сябе абараніць і не мае войска. Гэта пацвярджэнне маіх слоў пра тое, што ў выпадку правядзення ўкраінскай аперацыі ўлада Лукашэнкі пасыплецца ў адно імгненне. Адразу, імгненна. Там не будзе нават трох дзён. Фактычна ніякіх баёў не будзе. Украіна здольная спакойна зайсці ў Мінск практычна без ніводнага стрэлу. Бо ніхто з боку Лукашэнкі супраць Украіны ваяваць увогуле не зможа.

Чаму Лукашэнка гэта сказаў? Усё даволі проста. Чым далей, тым больш з'яўляецца інфармацыі, у тым ліку публічнай, пра тое, што Масква спрабуе выкарыстоўваць Беларусь як пляцоўку для аперацыі ў Балтыйскім рэгіёне. Адпаведна, паступова мяняецца стаўленне да Беларусі з боку краін Заходняй Еўропы.

Але адначасова Расія выкарыстоўвае Беларусь як пляцоўку для інфільтрацыі расіян з візамі, з беларускімі пашпартамі ў Еўрапейскі саюз. Яны не хочуць страціць гэтую магчымасць. Але для гэтага ім трэба прадстаўляць Беларусь як незалежную дзяржаву, якая імкнецца мець добрасуседскія адносіны з краінамі Еўрапейскага саюза.

Менавіта гэтым дыктуюцца апошнія заявы Лукашэнкі. Я б сказаў, гэта простая, вельмі простая старая гульня КДБ. Нічога новага або экстраардынарнага ў гэтым увогуле няма. Яна вельмі лёгка чытаецца, яна вельмі простая.

Што да заяваў Лукашэнкі адносна Уладзіміра Зяленскага, дык гэта больш цікавая гісторыя. Гэтая заява сведчыць пра тое, што нават Лукашэнка пачаў разумець: Зяленскі з'яўляецца даволі ўплывовым у Еўрапейскім саюзе і ў краінах Еўропы. Без яго згоды або адабрэння ніводнае пытанне з Еўрапейскім саюзам не можа быць проста вырашана. Гэта значыць, гэта пацвярджэнне статусу Украіны ў Еўропе. Таму яны спрабуюць згуляць у гэтую гульню і вымушаныя лісціць Зяленскаму, каб ён не блакаваў гэтыя спробы Лукашэнкі.

— Лукашэнка цалкам залежыць ад Крамля і фактычна застаецца марыянеткай Пуціна. Які сігнал Масква можа пасылаць праз такія заявы дыктатара? Ці магчыма, што Пуцін зноў паспрабуе прасоўваць Беларусь як пляцоўку для перамоваў?

— Мы павінны разумець, што Масква не разглядае Украіну як суб'ект гэтай вайны. Для іх гэта вайна не з Украінай, гэта вайна з Еўропай. І навошта весці перамовы з Украінай, калі яны ўвогуле ваююць за вяртанне да часоў Варшаўскага дагавору?

Крамлю найперш трэба выйсці на дамоўленасці або на так званае сепаратнае пагадненне аб сістэме бяспекі ў Еўропе менавіта з еўрапейцамі і Еўрапейскім саюзам. У дадзеным выпадку яны разглядаюць Украіну як пляцоўку. А хто размаўляе з пляцоўкай? Таму для іх у гэтым няма ніякага сэнсу.

Гэтыя заявы выкарыстоўваюцца дзеля таго, каб захаваць Беларусь як пляцоўку для інфільтрацыі агентуры і ўплыву на прыгранічныя тэрыторыі Еўрапейскага саюза.

— Якім павінен быць адэкватны адказ Украіны на гэтыя словы Лукашэнкі, калі яго рэальныя дзеянні разыходзяцца з заявамі? Бо Беларусь дапамагае Расіі з навігацыяй для «Шахедаў», а беларускія НПЗ нарошчваюць пастаўкі бензіна ў РФ.

— Гэта даволі проста. Прамысловы патэнцыял у Беларусі павінен працаваць на перамогу Украіны. А для гэтага Украіна павінна змяніць уладу ў Беларусі. Якім чынам, думаю, вы здагадваецеся.

Апошнія навіны