Бельгія перадасць Украіне сёлета F-16
- 18.06.2026, 11:57
Сталі вядомыя першыя падрабязнасці.
Бельгія да канца 2026-га года перадасць Украіне сем знішчальнікаў F-16 — тры баявыя і яшчэ чатыры на запасныя часткі.
Пра гэта заявіў міністр абароны Бельгіі Тэо Франкен падчас размовы з журналістамі перад пачаткам міністэрскай сустрэчы НАТА.
Франкен паведаміў, што Бельгія ўжо прыняла рашэнне перадаць ЗСУ больш знішчальнікаў, чым абяцала раней.
«Мы ўзмацняем дапамогу Украіне. Сёлета мы перададзім сем F-16, чатыры з іх — на запасныя часткі, тры — гатовыя выконваць місіі ў небе Украіны, абараняць Украіну ад расійскай агрэсіі», — сказаў ён.
Раней Бельгія абяцала перадаць Украіне толькі чатыры небаяздольныя знішчальнікі для выкарыстання ў якасці крыніцы запасных частак для іншых F-16.
Брусэль планаваў перадаць самалёты ў 2025–2026 гадах, але пакуль пра пачатак паставак не паведамлялася.
Бельгійскі міністр заявіў, што лічыць важным перадаць таксама спраўныя знішчальнікі, паколькі яны зарэкамендавалі сябе «добрай платформай супраць «Шахедаў» і крылатых ракет».
Па яго словах, Мінабароны Бельгіі плануе істотна павялічыць аб'ём паставак.
«Я прапаную ўраду перадаць Украіне ўсе F-16 у найбліжэйшыя гады — і гэта будзе залежаць ад атрымання намі F-35. У нас ёсць уласная роля ў абароне неба, у ядзернай дактрыне, і мы павінны гэтую ролю выконваць», — дадаў Франкен.
На дадзены момант у ВПС Бельгіі на ўзбраенні, паводле розных звестак, знаходзіцца больш за 40 самалётаў F-16.