BE RU EN

Навуковіца, якая распрацавала канцэпцыю «часціцы Бога», стане гераіняй фільма

  • 12.07.2026, 15:38

Цяпер Фабіола Джанотці ўзначальвае ЦЕРН.

Італьянскі рэжысёр Стэфана Мардзіні здыме мастацкі фільм «Таямнічая часціца» (The Mysterious Particle), прысвечаны выбітнай вучонай Фабіоле Джанотці — адной з ключавых фігур у адкрыцці бозона Хіггса, вядомага ва ўсім свеце як «часціца Бога», піша Variety (пераклад — сайт Charter97.org).

Праект ствараецца з разлікам на міжнародную аўдыторыю. Вытворчасцю займаюцца кампаніі Picomedia і Cinemaundici. Сцэнарый пішуць вядомы італьянскі пісьменнік і фізік па адукацыі Паола Джордана, Лука Інфашэллі і сам Мардзіні.

Фабіола Джанотці ўвайшла ў гісторыю навукі як кіраўніца аднаго з двух эксперыментаў, дзякуючы якім у 2012 годзе быў выяўлены бозон Хіггса. Цяпер яна ўзначальвае ЦЕРН — Еўрапейскую арганізацыю ядзерных даследаванняў, стаўшы першай жанчынай на пасадзе генеральнага дырэктара найбуйнейшага ў свеце цэнтра фізікі элементарных часціц.

Фільм раскажа не толькі пра навуковыя дасягненні Джанотці, але і пра яе асабісты шлях. У дзяцінстве яна марыла стаць балерынай, потым сур'ёзна займалася музыкай і думала пра кар'еру піяністкі. Пазней будучая навуковіца выбрала фізіку, абараніла доктарскую дысертацыю ў Міланскім універсітэце і ў 1994 годзе пачала працу ў ЦЕРНе.

Асноўныя здымкі плануецца правесці ў Жэневе і на тэрыторыі ЦЕРНа, дзе размешчаны знакаміты паскаральнік часціц ATLAS, які адыграў вырашальную ролю ў пацверджанні існавання бозона Хіггса.

Стваральнікі абяцаюць паказаць гісторыю чалавека, які здолеў спалучыць выбітную навуковую кар'еру з любоўю да мастацтва і музыкі, адкрыўшы гледачам свет сучаснай фундаментальнай фізікі праз лёс адной з самых вядомых вучоных нашага часу.

Апошнія навіны