Урач раскрыла, чым ківі карысны для нашага арганізма
- 13.07.2026, 14:49
Тым, хто пазбягае глютэну, таксама будзе карысны ківі.
Некаторыя прадукты пры пэўных праблемах са здароўем дзейнічаюць не менш эфектыўна, чым лекі. Напрыклад, да такіх адносіцца ківі, які рэкамендуюць пры хранічных завалах. Два-тры плады дзейнічаюць лепш за многія традыцыйныя сродкі, што прызначаюцца пры такой праблеме.
«За апошнія гады было праведзена некалькі даследаванняў, прысвечаных ківі, у тым ліку вывучалася карысць гэтага фрукта для стрававання, — расказала «АіФ» урач-дыетолаг, тэрапеўт, кандыдат медыцынскіх навук Таццяна Сонцава. — Напрыклад, даследчыкі з Лонданскага Каралеўскага каледжа патлумачылі эфектыўнасць ківі некалькімі ўнікальнымі ўласцівасцямі. Клятчатка ківі адрозніваецца высокай здольнасцю ўтрымліваць вільгаць. Яна моцна набухае ў вадзе (больш, чым клятчатка яблыкаў), прыцягвае вадкасць у кішэчнік і тым самым павялічвае аб’ём кішачных мас, змякчае іх і палягчае апаражненне кішэчніка.
Ці можна есці ківі са скуркай?
Таксама ў ківі ёсць рафіды. Гэта мікраскапічныя крышталі соляў кальцыю, у прыватнасці аксалату кальцыю. Тэарэтычна мяркуецца, што крышталі кальцыю мякка раздражняюць слізістую абалонку кішэчніка, стымулююць выпрацоўку слізі, якая паляпшае змазванне і спрыяе прасоўванню харчовага камяка па кішэчніку. Вельмі шмат даследаванняў прысвечана акцінідыну — ферменту, які змяшчаецца ў ківі, дапамагае расшчапляць бялкі і такім чынам паскарае апаражненне страўніка і кішэчніка. То бок стымулюе кішачны транзіт».
Найлепшы фермент
Многія чулі пра раслінныя ферменты, напрыклад брамелайн у ананасе або папаін у папаі, з-за чаго гэтыя плады нядаўна раілі ўсім, хто імкнецца схуднець.
«Але высветлілася, што акцінідын значна мацнейшы, — працягвае ўрач-дыетолаг. — Даследаванні паказалі, што гэты раслінны пратэалітычны фермент спрыяе лепшаму расшчапленню і пераварванню бялкоў, калі ўжываць яго разам з ежай або ў выглядзе бялковых дабавак. Спецыялізаваныя бялковыя прадукты часта прымаюць спартсмены, пажылыя людзі, якія павінны спажываць больш бялку, каб змагацца з саркапеніяй (стратай цягліцавай масы з узростам), людзі з парушэннем усмоктвання бялкоў. Ва ўсіх гэтых выпадках акцінідын дзейнічае актыўней, чым брамелайн і папаін, і нават нашы натуральныя стрававальныя ферменты (пепсін і іншыя).
Дзеянне гэтага фермента заснавана на тым, што ён эфектыўна спрыяе гідролізу бялкоў, у выніку амінакіслоты лепш засвойваюцца. У тым ліку акцінідын паскарае гідроліз (расшчапленне) глютэну на больш дробныя пептыды і зніжае колькасць імуннагенных злучэнняў, што дасягаюць тонкай кішкі. Таму тым, хто баіцца глютэну, таксама будзе карысны ківі — ён дапаможа справіцца з глютэнам, нават калі той трапіць у арганізм».
Аднак гэта не ўсе дзівосныя ўласцівасці ківі.
«Цікавая ўласцівасць ківі яшчэ і ў тым, што калі вы прымаеце магній, то ківі паляпшае яго засваенне. Даследаванні паказваюць, што ківі можа спрыяць засваенню і ўтрыманню магнію, а таксама іншых мінеральных рэчываў у нашых клетках. Хаця ў самім ківі магнію няшмат. Магній важны для працы нервовай сістэмы, цягліц, дапамагае зніжаць ціск і стрэс, рэгулюе сардэчны рытм.
Таксама адзначаецца, што ківі мае прэбіётычнае дзеянне. Гэта значыць, ужыванне гэтага плода ўплывае на мікрабіёту кішэчніка такім чынам, што можа зменшыцца колькасць метанаўтваральных бактэрый, якія выклікаюць завалы», — адзначае ўрач.
Як карысней ужываць ківі
У даследаваннях удзельнікам прапаноўвалі з’ядаць два-тры ківі на дзень для атрымання патрэбнага слабільнага эфекту. Таксама шэраг даследаванняў падкрэслівае, што найбольш карысных рэчываў утрымліваецца ў зялёных ківі, у жоўтых — крыху менш.
«Шмат хто лічыць, што скурку з ківі перад ужываннем трэба абавязкова зразаць. Гэта не так, — адзначае Таццяна Сонцава. — Тыя, хто добра пераносіць павышаную колькасць клятчаткі, могуць ужываць плод неачышчаным. Але яго варта старанна мыць. Хоць эфект будзе ў любым выпадку. Ківі і са скуркай, і без яе будуць спрыяльна ўплываць на страваванне і апаражненне кішэчніка».