Украінскія футбалісты адмовіліся паціскаць рукі беларусам і выйшлі з банерам FCK PTN
- 16.07.2026, 19:46
Пратэст адбыўся падчас кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў.
Украінскія футбалісты румынскага клуба «Універсітатя Крайова» Павал Ісенка і Аляксандр Раманчук пасля адказнага матчу першага кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў супраць беларускага «Віцебска» (1:0) выйшлі на поле з банерам FCK PTN, перадае New Voice.
Акцыю падтрымалі і балельшчыкі румынскага клуба. На трыбунах яны разгарнулі сцяг Украіны з надпісам Stop War, а таксама футболку Раманчука ў знак салідарнасці з украінцамі.
Гэта быў не адзіны жэст украінскіх гульцоў у гэтым супрацьстаянні. Перад стартовым свістком Ісенка і Раманчук адмовіліся ад традыцыйнага паціскання рук з футбалістамі беларускага клуба і адразу накіраваліся на сваю палову поля.
Вясной «МЛ Віцебск» апынуўся ў цэнтры ўвагі пасля ўдзелу ў прапагандысцкім мерапрыемстве, звязаным з прыёмам дзяцей з часова акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.
У першым матчы «КСУ Крайова» перамагла «Віцебск» з лікам 4:1, а ў другім — 1:0, і па суме дзвюх сустрэч выйшла ў наступны раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, дзе згуляе з балгарскім «Леўскім».
У мінулым сезоне «Універсітатя Крайова» стала чэмпіёнам Румыніі. 12 ліпеня клуб заваяваў Суперкубак краіны.