BE RU EN

Археолагі прыадкрылі таямніцы руін Ружанскага палаца

  • 18.07.2026, 9:40

Даследчыкі распавялі пра нечаканыя знаходкі падчас раскопак.

Археолагі раскопалі на тэрыторыі Ружанскага палацавага комплексу дзве вежы першапачатковага замка пачатку XVII стагоддзя, паведамляе БелТА.

Па словах доктара гістарычных навук, прафесара кафедры гісторыі Беларусі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Аляксандра Башкова, эксперты ведаюць, што сядзіба была набыта ў канцы XVI стагоддзя, а гэта значыць, што там былі нейкія збудаванні, інфраструктура. Археолагі вырашылі высветліць, што ж там знаходзілася. У 2025 годзе намацалі першапачатковае ядро рэзідэнцыі, яно крыху на ўсход ад галоўнага корпуса. Яны склалі план і маюць намер праводзіць поўнамаштабнае археалагічнае даследаванне. Пакуль яго адкладаюць, таму што акцэнты зрушыліся на цэнтральны і ўсходні карпусы.

Летась археолагі працавалі менавіта ўнутры адноўленага Усходняга корпуса. Яны вывучалі тэрыторыю памяшкання, у якім калісьці размяшчаўся тэатр.

— Раскрылі частку нясучай канструкцыі — каланаду, што трымала тэатральныя ложы. Гэта было важна для разумення, якія руіны ёсць унутры корпуса. Гэта павінны ўлічваць праектанты пры падрыхтоўцы праектнай дакументацыі для ўнутраных работ, — адзначыў Башкоў.

У канцы 2025 года рэстаўратары прыступілі да кансервацыі галоўнага корпуса палаца. Да нашых дзён ён дайшоў у моцна разбураным стане. Пасля буйнага пажару на пачатку XX стагоддзя драўляныя перакрыцці згарэлі, частка каменных скляпенняў абрынулася, і ад будынка фактычна засталіся толькі сцены.

Цяпер спецыялісты разбіраюць завалы, а археолагі ўважліва вывучаюць кожны пласт вынятага грунту ў пошуках гістарычных знаходак. Калі падчас работ адкрываюцца старыя сцены, падмуркі або іншыя элементы будынка, іх дбайна вымяраюць і дакументуюць. Гэтыя даныя дапамагаюць дакладней аднавіць першапачатковы воблік палаца.

Менавіта тут даследчыкаў чакаў галоўны сюрпрыз. Высветлілася, што першапачаткова цэнтральны корпус выглядаў зусім не так, як сёння. Калісьці ў яго было тры вежы. Падчас адной з перабудоў дзве з іх — паўночна-ўсходнюю і паўднёвую — разабралі, а заходнюю не знеслі, а ўбудавалі ў новы будынак.

Археолагі пачалі шукаць гэтыя дзве страчаныя вежы. Пры гэтым месцазнаходжанне паўночна-ўсходняй раней было вядома.

— Напрыканцы 1980–1990-х гадоў была ідэя рэстаўрацыі комплексу. Археолагі правялі першапачатковае абследаванне рэшткаў вежы і прыйшлі да высновы аб неабходнасці далейшых раскопак. Але стаяў 1992 год, па зразумелых прычынах было не да таго. На жаль, час паступова сцёр усе сляды вежы, — распавёў Башкоў.

Зараз пошукам вежаў заняліся спецыялісты Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі і студэнты-гісторыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Пачынаць працу было складана з-за таго, што зямля была вельмі ўтрамбаваная. Давялося працаваць ломам і лапатамі (археолагі не кожны дзень працуюць з такімі інструментамі). Пры гэтым яны не спяшаліся як мага хутчэй дакапацца да нечага, працавалі спакойна — і знайшлі гэтыя вежы.

— Паўночна-ўсходняя вежа — унікальная, пяцігранная. Мы паглыбіліся прыкладна на тры з лішнім метры. Усё аўтэнтычнае, арыгінальная муроўка XVII стагоддзя. Таўшчыня сцен да 90 см. Мы адкрылі цэлыя канструкцыі: рэшткі скляпення і лесвіцы, праход у падвалы. Калі капаеш, пачынаеш разумець архітэктурную задуму. Ніхто ж не ведае, як гэта выглядала. Наша задача — раскрыць усе нюансы, паказаць праектантам і рэстаўратарам усе канструктыўныя элементы. Яны на падставе гэтага будуць прымаць рашэнні, як захаваць, прыбраць нешта аварыйнае, дабудаваць, умацаваць, — патлумачыў гісторык.

Ён дадаў, што эксперты здагадваліся, што ёсць уваход у падвалы, але ці захаваўся ён, як ён выглядае і якога памеру, яны нават не ўяўлялі. А тут іх чакаў сюрпрыз — стан ідэальны. Пасля расчышчання па падвалах можна гуляць. У паўночна-ўсходняй вежы на другім паверсе знаходзіўся кабінет Льва Сапегі.

З дакументаў археолагі ведалі, што ёсць яшчэ і паўднёвая вежа, але яе слядоў не было відаць. Знайсці яе ўдалося выпадкова.

— Рэстаўратары праводзілі работы і наткнуліся. Праводзілася паніжэнне паверхні, зачапілі: о-па, кладка пайшла. Мы ж вядзём нагляд, прапанавалі ўдакладніць, што там ёсць. Думалі, можа, нейкі незразумелы фрагмент. Калі крыху падчысцілі, аказалася, выдатная муроўка, якая дала падставу сцвярджаць, што і тут ёсць рэшткі вежы, — распавёў Аляксандр Башкоў.

Гэта вежа — квадратная, таўшчыня сцен дасягае 2 м. Раней на яе другім паверсе знаходзілася капліца. Археолагі паглыбіліся прыкладна на 2,5 м, цяпер яны працягваюць работы.

Па словах Башкова, была яшчэ адна інтрыга — чакалі ўбачыць праход у паўднёвай сцяне галоўнага корпуса, але ён закладзены. Пакуль спецыялістам не ясна, ці гэты праход быў прадугледжаны, а потым перадумалі і заклалі, ці ж ён усё ж такі дзейнічаў пэўны час і ўжо пасля гэтага яго заклалі. Па муроўцы відаць, што ўсё гэта XVII стагоддзе.

Акрамя таго, падчас раскопак былі знойдзены манеты, фрагменты вытанчанага літаванага свяцільніка або кандэлябра, керамічнага посуду, будаўнічай керамікі (пераважна печнай кафлі) XVII—XIX стагоддзяў. Іх перададуць у музей.

Магчыма, у галоўным корпусе Ружанскага палаца зробяць музей. Пасля таго як удалася раскапаць дзве вежы, праект рэстаўрацыі і кансервацыі адкарэктуюць. Тады турысты змогуць убачыць архітэктуру не толькі XVIII стагоддзя, але і першапачатковую аснову і планіроўку замка Сапег.

Апошнія навіны