BE RU EN

У Славакіі выявілі рымскі ваенны лагер часоў Марка Аўрэлія

  • 21.07.2026, 20:50

Ён займаў амаль восем гектараў.

На паўднёвым захадзе Славакіі, паблізу мястэчка Шураны, археолагі раскопалі рымскі ваенны лагер плошчай 7,4 гектара, перадае New Voice.

Разам з рэшткамі ўмацаванняў там выявілі чалавечыя парэшткі, зброю, даспехі, манеты і нават адбіткі салдацкага абутку. Лагер датуюць другой паловай II стагоддзя нашай эры — часам, калі імператар Марк Аўрэлій накіроўваў рымскія войскі на поўнач ад Дунаю падчас так званых Маркаманскіх войнаў.

Знаходку зрабілі на тэрыторыі будучага прамысловага парку Шураны падчас маштабных выратавальных раскопак. Даследчыкі ўжо агледзелі больш за 150 гектараў зямлі, але менавіта рымскі лагер яны называюць найважнейшай знаходкай за ўвесь час работ на гэтым участку.

У абаронных равах, ямах для захоўвання запасаў, верагодных калодзежах і паспешна выкапаных неглыбокіх магілах былі знойдзены як цэлыя шкілеты, так і разрозненыя чалавечыя косці. Стан лагера дазваляе меркаваць, што ён перастаў існаваць адразу пасля сутыкнення рымскага войска з мясцовымі германскімі плямёнамі.

Рымскія паходныя лагеры — гэта часовыя ўмацаваныя базы, якія войскі ўзводзілі падчас ваенных кампаній. Абарончыя рвы, земляныя валы і кантраляваныя ўваходы забяспечвалі салдатам бяспечнае месца для адпачынку, перагрупоўкі і захоўвання рыштунку ўдалечыні ад пастаянных фортаў.

Лагер у Шуранах адрозніваецца ад звыклай прамавугольнай планіроўкі, характэрнай для большасці рымскіх ваенных аб'ектаў. Яго контур мае неправільную форму, хоць археолагі ўсё ж выявілі асноўныя элементы, уласцівыя рымскім палявым умацаванням, — валы і цэлых пяць варот.

Адзін з уваходаў ахоўвала асаблівае збудаванне — так званая «клавікула»: крывалінейны роў і вал, якія не дазвалялі ўвайсці ў лагер наўпрост, а прымушалі кожнага, хто набліжаецца, змяняць напрамак руху, застаючыся пры гэтым пад прыцэлам абаронцаў. Такія вароты вядомыя па рымскіх лягерах у іншых частках Еўропы, але ў Славакіі падобную канструкцыю выявілі ўпершыню.

Мацей Руткай, дырэктар Археалагічнага інстытута Славацкай акадэміі навук, адзначыў, што гэта першы лагер такога тыпу, выяўлены ў рэгіёне Панітрые. Яго месцазнаходжанне дапамагае запоўніць важную геаграфічную прабеліну ў сведчаннях пра рымскія ваенныя аперацыі на поўнач ад Дунаю ў апошнія дзесяцігоддзі II стагоддзя.

Маштаб праекта дазволіў даследчыкам абследаваць амаль увесь лагер цалкам. Звычайна часовыя рымскія лагеры выяўляюць толькі з дапамогай аэрафотаздымкі, геафізічных даследаванняў або па невялікіх участках абаронных рвоў. Раскапаць такую значную частку аднаго аб'екта — рэдкасць.

Найбольш трывожнае сведчанне, знойдзенае ў лагеры, — чалавечыя парэшткі.

Археолагі выявілі як цэлыя целы, так і разрозненыя косці, раскіданыя ў розных частках лагера. Частку целаў, відаць, пахавалі нашпех, у наскора выкапанных магілах, а іншую проста пакінулі ў глыбокіх ямах, якія першапачаткова выкарыстоўваліся зусім для іншых мэтаў.

Паводле папярэдняй версіі даследчыкаў, многія з загінулых былі рымскімі салдатамі. Гэта пакуль не пацверджана біялагічным аналізам, аднак побач з парэшткамі былі знойдзеныя шматлікія прадметы рымскага ваеннага рыштунку.

Сярод знаходак — наканечнікі дзідаў і стрэл, абломкі шлемаў, легіянерскія фібулы (зашпількі для адзення), а таксама фрагменты пласціначных і лускавых даспехаў. Былі выяўлены таксама манеты і жалезныя цвікі ад падэшваў калігаў — цяжкіх сандаляў, якія традыцыйна насілі рымскія воіны. Сярод прадметаў асабістага характару — сякера, рэжучы інструмент і ігральная костка.

Гэтыя знаходкі ставяць важнае пытанне. Звычайна каштоўны ваенны рыштунак пасля бою забіралі, выкарыстоўвалі паўторна або ён станавіўся здабычай марадзёраў. Той факт, што ён захаваўся побач з целамі, можа сведчыць пра тое, што лагер пакінулі пры незвычайных абставінах, — аднак дакладна вызначыць, што менавіта там адбылося, археолагам пакуль не ўдалося.

Адна з магчымых прычын смерці — баявыя раненні, аднак не выключаная і хвароба. Генетычныя, антрапалагічныя і ізатопныя даследаванні дапамогуць высветліць паходжанне, стан здароўя, асаблівасці харчавання і біялагічныя сувязі людзей, пахаваных у гэтым месцы. Даследчыкі таксама спадзяюцца адрозніць траўмы, атрыманыя непасрэдна перад смерцю, ад больш старых пашкоджанняў.

Апошнія навіны