BE RU EN

У Літве правераць былога зяця Шэймана

  • 30.07.2026, 12:58

Пасля журналісцкага расследавання.

Дэпартамент міграцыі Літвы звярнуўся у Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі з просьбай ацаніць, ці не нясе знаходжанне ў краіне грамадзяніна Беларусі Андрэя Шымановіча пагрозу нацыянальнай бяспецы. Падставай для гэтага стала сумеснае міжнароднае расследаванне журналістаў, у тым ліку «Бюро».

Падставай для занепакоенасці літоўскіх уладаў сталі факты стварэння мабільных дадаткаў, якія могуць перадаваць інфармацыю спецслужбам Беларусі і Расіі. Паколькі Дэпартамент міграцыі не мае функцый кібербяспекі, ён адначасова звярнуўся ў Нацыянальны цэнтр кібербяспекі і Бюро літоўскай крымінальнай паліцыі з просьбай правесці экспертызу і ацаніць праграмны код дадаткаў на наяўнасць уразлівасцяў і шкоднаснага функцыяналу.

Пасля атрымання заключэнняў усіх ведамстваў будзе прынятае рашэнне адносна прававога статусу Шымановіча ў Літве.

Хто такі Андрэй Шымановіч

Андрэй Шымановіч — беларускі бізнесмен, які ў 2016 годзе ажаніўся з Вольгай Шэйман, дачкой аднаго з бліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі Віктара Шэймана. Ён шмат падарожнічаў з сям'ёй Шэймана, у тым ліку ў рамках бізнес-праектаў у Зімбабвэ.

Як высветлілі журналісты, Шымановіч датычны да шэрагу праектаў у сферы збору дадзеных і сачэння:

mSpy — сэрвіс для схаванага сачэння за тэлефонамі (геалакацыя, паведамленні, званкі), які перажыў некалькі буйных уцечак дадзеных.

Nicegram, eSIM Plus, InLab, Aivan — праграмы і надбудовы, распрацаваныя праз звязаную сетку кампаній у Беларусі і Літве. Дадаткі патрабуюць залішніх дазволаў (доступ да камеры, мікрафона, кантактаў) і перадаюць тэлеметрыю ў расійскую сістэму Yandex AppMetrica.

У 2023 годзе Шымановіч атрымаў від на жыхарства ў Літве як стартапер, а ў 2025 годзе яго падоўжыў.

Праверку пры атрыманні ВНЖ ён, верагодна, прайшоў з-за таго, што на той момант ужо развёўся з Вольгай Шэйман, хоць свой бізнес у Вільнюсе засноўваў яшчэ будучы членам сям'і ўплывовага чыноўніка беларускага рэжыму.

Апошнія навіны