Міністр абароны Польшчы: Ад вайны нас аддзяляюць метры
- 30.07.2026, 14:04
Падзенне расійскай ракеты яшчэ раз паказала, што сітуацыя сур’ёзная.
Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш у сувязі з інцыдэнтам з ракетай, што ўпала ў Люблінскім ваяводстве, падкрэсліў, што паблізу Польшчы ідзе вайна, якую некаторыя «ўжо не хочуць бачыць».
Заяву кіраўніка польскага абароннага ведамства цытуе RMF 24.
Як адзначыў Касіняк-Камыш, гэты інцыдэнт чарговы раз даказвае, што «сітуацыя сур’ёзная».
«Гэта ўсяго толькі некалькі метраў, якія аддзяляюць нас ад гэтай вайны, і гэтая ноч чарговы раз даказвае — не тым, хто сядзіць за гэтым сталом, не камандзірам, не пажарным, не паліцэйскім, — а нам усім яшчэ раз, што сітуацыя вельмі сур’ёзная. Што сітуацыя такая, што стварае пагрозу, а службы і Узброеныя сілы гатовыя прымаць любыя рашэнні, каб абараніць Рэспубліку і яе грамадзян», — падкрэсліў Касіняк-Камыш.
Ён таксама адзначыў, што схема дзеянняў службаў апраўдала сябе.
«Гэта для нас абсалютны прыярытэт. Аналіз сітуацыі, перадача інфармацыі, прыняцце рашэнняў. Гэта схема дзеянняў, якая была ўхвалена і чарговы раз пацвердзіла сваю эфектыўнасць сёння ўначы», — сказаў ён, адзначыўшы таксама, што ўсе службы інтэграваныя — як Узброеныя сілы, так і паліцыя, пажарная ахова і выведвальныя службы.
Паводле слоў прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, на дадзены момант усё паказвае на тое, што сёння ўначы ў Люблінскім ваяводстве ўпала расійская крылатая ракета Х-101.