BE RU EN

Адзін з найбуйнейшых НПЗ «Лукойла» спыніў трэць магутнасцяў пасля атакі БПЛА

  • 30.07.2026, 15:04

Ён стаў сёмым буйным нафтаперапрацоўчым заводам, пашкоджаным беспілотнікамі з пачатку месяца.

НПЗ «Пермнефтеоргсинтез» спыніў каля траціны магутнасцяў пасля атакі беспілотніка 29 ліпеня, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы ў галіне (пераклад — The Moscow Times).

Паводле звестак суразмоўцаў агенцтва, на заводзе, які ўваходзіць у топ-10 паводле магутнасці ў Расіі і з'яўляецца другім па велічыні ў «Лукойла», была аварыйна спыненая ўстаноўка першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-5 з прадукцыйнасцю 12.930 тон у суткі (34% магутнасці НПЗ). Пры гэтым завод мае яшчэ тры ўстаноўкі і зможа задзейнічаць іх рэзерв, каб працаваць на 75% ад магутнасці, сказалі крыніцы Reuters.

Здольны перапрацоўваць 13 млн тон нафты на год, выпускаючы каля 2 млн тон бензіну і больш за 5 млн тон дызеля, «Пермнефтеоргсинтез» стаў сёмым буйным нафтаперапрацоўчым заводам, пашкоджаным беспілотнікамі з пачатку месяца.

28 ліпеня цалкам спыніў перапрацоўку Цюменскі НПЗ, 14 ліпеня спыніўся НПЗ «Газпромнефтехим Салават», 12 і 8 ліпеня адпаведна спынілі працу Сызранскі і Саратаўскі НПЗ «Раснафты».

6 ліпеня прыпыняў выпуск Амскі НПЗ «Газпром нафты» — найбуйнейшы ў Расіі, аднак да канца месяца, паводле звестак Financial Times, ён цалкам аднавіў вытворчасць. 2 ліпеня спыняў перапрацоўку НПЗ «Нижегороднефтеоргсинтез» «Лукойла». Цяпер ён працуе з загрузкай каля 50%, паводле ацэнак S&P Global.

Апошнія навіны