Паўла Дурава ў Расіі ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў»
- 30.07.2026, 15:22
Адпаведны запіс пад нумарам 6894 з'явіўся ў раздзеле «Фізічныя асобы».
Заснавальнік Telegram Павел Дураў унесены ў пералік тэрарыстаў і экстрэмістаў Расфінманіторынгу. Адпаведны запіс пад нумарам 6894 з'явіўся ў раздзеле «Фізічныя асобы», перадае РБК. Уключэнне ў пералік тэрарыстаў і экстрэмістаў Расфінманіторынгу цягне за сабой шэраг прававых абмежаванняў: банкі абавязаны замарозіць грашовыя сродкі і іншую маёмасць такой асобы, а правядзенне большасці фінансавых аперацый становіцца немагчымым.
Раніцай 29 ліпеня Цэнтр грамадскіх сувязяў ФСБ паведаміў, што Дураву прад'яўлена абвінавачанне ў «садзейнічанні тэрарыстычнай дзейнасці». Паводле версіі ведамства, адміністрацыя Telegram не выдаліла каналы, чаты і боты, якія выкарыстоўваліся ўкраінскімі спецслужбамі для падрыхтоўкі тэрактаў у Расіі. У прыватнасці, крымінальная справа звязаная з выкарыстаннем чат-бота для знаёмстваў «Дайвинчик/Leo» для ўцягвання маладых расіян у дыверсійна-тэрарыстычную дзейнасць.
Паводле звестак ФСБ, з ліпеня 2025 года былі затрыманыя 46 маладых людзей, завербаваныя праз «Дайвинчик». Следства сцвярджае, што па заданнях украінскіх спецслужбаў яны нападалі на супрацоўнікаў паліцыі і здзяйснялі падпалы. Ведамства таксама паведаміла пра пачатак працэдуры абвяшчэння Паўла Дурава ў міжнародны вышук.