Назад у СССР?
- Алесь Гудыя
- 30.07.2026, 15:53
Што будзе, калі Лукашэнка і сапраўды пацісне руку апошняму прадпрымальніку.
Калі Аляксандр Лукашэнка на світанку свайго кіравання заявіў, што з часам хацеў бы «паціснуць руку апошняму прадпрымальніку», многія ўспрынялі гэтую фразу як палітычную метафару. Аднак з цягам часу яна ператварылася ў даволі дакладнае апісанне стаўлення беларускай мадэлі да прыватнай ініцыятывы.
Улады рэгулярна дэманструюць недавер да прыватнага бізнесу, але кожны раз, калі эканоміка сутыкаецца з крызісам, вымушаныя зноў рабіць крок насустрач прадпрымальнікам. Што адбудзецца, калі працэс уціску бізнесу давесці да фінішу і насамрэч пазбавіцца прыватнага сектара?
Гэта чарговы матэрыял цыклу «І што тады?», у якім мы спрабуем лагічна давесці да канца найбольш папулярныя эканамічныя догмы беларускага рэжыму. Не дзеля таго, каб супрацьпаставіць ім ідэалізаваную рыначную эканоміку, а каб праверыць на трываласць сам канцэпт.
Калі паслядоўна рэалізоўваць прынцып максімальнага агадзяржаўлення эканомікі, якім апынецца вынік?
Чаму рэжым не любіць прадпрымальніцтва
Беларуская аўтакратыя ніколі не хавала свайго стаўлення да прыватнай уласнасці. Прычына тут ляжыць далёка не толькі ў эканоміцы.
Прыватны бізнес — гэта самастойны цэнтр прыняцця рашэнняў. Ён сам вызначае, куды інвеставаць, каго наймаць, якія тэхналогіі ўкараняць і якія рынкі асвойваць. А галоўнае — ён здольны існаваць без штодзённага адміністрацыйнага кіравання.
І менавіта такая самастойнасць выклікае раздражненне аўтарытарнай сістэмы. Бо эканамічная незалежнасць рана ці позна нараджае незалежнасць палітычную. Калі існуе буйны бізнес, які не залежыць ад дзяржавы, аднойчы ён можа пажадаць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў. Для сістэмы, пабудаванай на манаполіі ўлады, такая перспектыва выглядае непрымальнай.
Таму ідэальны прыватны прадпрымальнік у ўяўленні беларускага чыноўніка — не хуткарослая тэхналагічная кампанія і не прамысловы холдынг, што працуе на сусветных рынках. Хутчэй гэта невялікая рамесная вытворчасць, сямейная майстэрня або кавярня, якая не прэтэндуе ні на эканамічны ўплыў, ні тым больш на грамадскую суб’ектнасць.
Праблема толькі ў тым, што такой эканомікі недастаткова для існавання сучаснай індустрыяльнай краіны.
Беларуская гісторыя апошніх трыццаці гадоў паказвае такую заканамернасць: амаль кожны раз, калі эканоміка краіны сутыкалася з пагаршэннем знешняй кан’юнктуры, скарачэннем экспартных даходаў або ўнутранымі дысбалансамі, дзяржава была вымушаная паслабляць ціск на прыватны сектар. Не таму, што змяняла свае погляды, а таму, што альтэрнатывы не знаходзілася.
Прыватны бізнес хутчэй ствараў працоўныя месцы, хутчэй асвойваў новыя рынкі, падтрымліваў занятасць, хутчэй знаходзіў спосабы зарабляць валюту і кампенсаваць слабасць дзяржаўнага сектара.
Але як толькі сітуацыя стабілізавалася, маятнік пачынаў рухацца ў адваротны бок. Узмацняліся праверкі, нарастаў адміністрацыйны ціск, з’яўляліся новыя абмежаванні, нацыяналізацыя зноў пераставала здавацца нечым немагчымым, а сілавыя органы ўсё больш актыўна ўмешваліся ў гаспадарчую дзейнасць. Спачатку — пад лозунгам барацьбы з нелаяльнымі прадпрымальнікамі. Потым — з тымі, хто апынуўся не ў тым месцы і не ў той час. А часам і проста таму, што чыйсьці паспяховы бізнес падаўся занадта прывабным для ўладаў.
Прыватнік проста больш эфектыўны
Пры гэтым сама структура беларускай эканомікі сёння выглядае значна складаней, чым прынята лічыць. Дзяржаўны сектар сапраўды застаецца найбуйнейшым працадаўцам і працягвае кантраляваць значную частку прамысловасці.
Аднак даследаванні BEROC паказваюць, што прыватны сектар ужо забяспечвае каля паловы валавай дададзенай вартасці краіны, пры тым што ў ім занята менш за 46% работнікаў.
Іншымі словамі, работнік прыватнага сектара ў сярэднім стварае больш эканамічнай вартасці, чым работнік дзяржаўнага прадпрыемства.
Больш таго, разрыў у прадукцыйнасці працы паміж двума сектарамі ў 2024 годзе, паводле ацэнак BEROC, складаў каля 15% на карысць прыватнага бізнесу.
Яшчэ больш паказальная эфектыўнасць інвестыцый. Адзін рубель капітальных укладанняў у прыватным сектары прыносіць амаль на 45% больш валавай дададзенай вартасці, чым рубель, укладзены ў дзяржаўныя прадпрыемствы.
Выходзіць даволі парадоксальная сітуацыя. Дзяржава працягвае накіроўваць значную частку фінансавай падтрымкі менавіта туды, дзе аддача аб’ектыўна ніжэйшая.
У найлепшым выпадку гэта азначае пераразмеркаванне рэсурсаў на карысць менш прадукцыйных прадпрыемстваў. У найгоршым — ператвараецца ў сапраўдную булгакаўскую шарыкаўшчыну: «узяць усё ды і падзяліць».
Калі паслядоўна скарачаць прастору для прыватнай ініцыятывы, доля дзяржаўнага сектара сапраўды будзе расці. Але адначасова будуць зніжацца прадукцыйнасць працы, прыбытковасць бізнесу, хуткасць укаранення новых тэхналогій і агульная эфектыўнасць выкарыстання капіталу.
Дзяржава зможа кантраляваць большую частку эканомікі, але сама эканоміка пачне ствараць менш вартасці.
Наступны этап непазбежны. Ніжэйшая эфектыўнасць азначае меншшую падатковую базу. Даходы бюджэту пачынаюць расці павольней, а часам і ўвогуле скарачаюцца.
Пры гэтым дзяржаўныя прадпрыемствы патрабуюць усё большых аб’ёмаў падтрымкі, бо без пастаянных уліванняў ужо не здольныя захоўваць ранейшыя аб’ёмы вытворчасці і занятасці.
У выніку бюджэт аказваецца паміж двума разыходзячыміся лініямі: даходаў становіцца менш, а абавязкаў — больш.
Беларуская гісторыя ўжо ведае падобныя прыклады. Маштабная мадэрнізацыя цэментнай галіны, праграмы развіцця дрэваапрацоўкі, праекты «адраджэння вёскі» задумваліся як інвестыцыі ў будучыню.
На практыцы многія з іх абярнуліся хранічнай неабходнасцю абслугоўваць назапашаныя даўгі і працягваць бюджэтную падтрымку прадпрыемстваў.
Сумны прыклад — Савецкі Саюз
Дарэчы, любая эканоміка імкнецца знайсці раўнавагу паміж попытам і прапановай, выгодамі і выдаткамі. Калі рыначныя механізмы паслядоўна выцясняюцца адміністрацыйнымі рашэннямі, сістэма пачынае шукаць іншыя спосабы размеркаваць абмежаваныя рэсурсы. І тут гісторыя зноў дае даволі адназначны адказ.
Там, дзе знікаюць прыватная ўласнасць і канкурэнцыя, паступова з’яўляюцца чэргі, дэфіцыт, размеркаванне, адміністрацыйныя прывілеі і нефармальныя сувязі.
Тое, што немагчыма адкрыта набыць, пачынаюць здабываць праз знаёмствы. Тое, што не вырабляецца ў дастатковай колькасці, дзеліцца па спісах. Тое, што павінна вызначацца эфектыўнасцю, пачынае залежаць ад блізкасці да цэнтраў прыняцця рашэнняў.
Савецкі Саюз на працягу дзесяцігоддзяў існаваў менавіта ў такой логіцы. Так, падобная сістэма можа функцыянаваць даволі доўга. Сямідзесяць гадоў савецкай гісторыі гэта даказалі. Але адначасова даказана і іншае: цана такога існавання — хранічны дэфіцыт, тэхналагічнае адставанне, нізкая прадукцыйнасць працы і пастаянная нястача рэсурсаў.
Менавіта таму пытанне «і што тады?» значна важнейшае, чым можа падацца на першы погляд.
Калі калісьці насамрэч удасца паціснуць руку апошняму беларускаму бізнесмену, гэта стане не перамогай дзяржавы над прыватнай ініцыятывай. Гэта будзе пачаткам вяртання да эканомікі, якая ўжо аднойчы прайшла свой гістарычны шлях — праз размеркавальныя пяцідзесятыя, адміністрацыйныя шасцідзесятыя, блатныя сямідзесятыя і дэфіцытныя васьмідзесятыя.
Ці сапраўды менавіта ў такое мінулае хочуць вярнуць Беларусь тыя, хто заяўляе, што ў эканоміцы трэба больш дзяржавы?
Алесь Гудыя, «Позірк»