Пашынян паставіў Лукашэнку на месца
- 30.07.2026, 16:08
Прэм'ер Арменіі адказаў на пытанне дыктатара.
Прэм'ер-міністр Нікол Пашынян заявіў, што Ерэван знайшоў адказ на пытанне Лукашэнкі пра тое, каму патрэбная Арменія. Пра гэта паведамляе News.am.
Дыктатар у 2024 годзе задаўся пытаннем: «Ну, каму армяне патрэбныя, акрамя нас?» І, адказваючы на сваё ж пытанне, адзначыў: «Нікому яны не патрэбныя». «Хай развіваюць сваю эканоміку і арыентуюцца на тое, што ў іх ёсць. Якая Францыя? Які Макрон? Заўтра Макрона не будзе, і ўсе забудуць пра гэтую Арменію. Так жа, як было з Злучанымі Штатамі Амерыкі».
Каментуючы праз два гады словы Лукашэнкі, Пашынян заявіў, што Арменія патрэбная сваім міжнародным партнёрам.
«Рэспубліка Арменія патрэбная Кітаю, Злучаным Штатам, Еўрапейскаму саюзу, Ісламскай Рэспубліцы Іран, і ўсе гэтыя партнёры патрэбныя Рэспубліцы Арменія», – адзначыў армянскі прэм'ер, згадаўшы таксама Францыю, Германію, Польшчу, Вялікабрытанію і Грузію.
29 ліпеня, праз два дні пасля тэлефоннай размовы з Пуціным, Пашынян прадказаў пачатак канца Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), калі не будзе вырашана пытанне экспартных абмежаванняў.