BE RU EN

Расія не змагла аднавіць 18 буйных НПЗ пасля ўдараў БПЛА

  • 30.07.2026, 16:17

НПЗ, пацярпелыя ад беспілотнікаў, страцілі 45% магутнасцей.

Кампанія ўкраінскіх дальнабойных удараў па нафтаперапрацоўчых заводах, якую Узброеныя сілы Украіны праводзяць пры садзейнічанні разведак ЗША і Францыі, надоўга вывела з ладу нафтаперапрацоўку — адну з найбуйнейшых галін прамысловасці, на якую прыпадае каля 12% усяго выпуску ў краіне, піша The Moscow Times.

З 26 НПЗ, што трапілі пад удары і спынілі вытворчасць, па стане на 27 ліпеня да поўнацэннай працы здолелі вярнуцца толькі 8, паведамляе Financial Times са спасылкай на спадарожнікавыя даныя і аналіз S& P Global.

Выпуск нафтапрадуктаў са 100-працэнтнай загрузкай аднавілі найбольшы ў Расіі Омскі НПЗ, завод «Танэка» ў Татарстане, «Газпрамнафтахім Салават» у Башкірыі, а таксама «Уфанафтахім», «Пермнафцеаргсінтэз», Новаўфімскі, Ухцінскі і Антыпскі НПЗ.

Пры гэтым як мінімум 11 заводаў змаглі аднавіць вытворчасць толькі часткова, а 7 працягваюць прастойваць. Сярод іх — «Кінеф» у Ленінградскай вобласці, другі па магутнасці ў краіне, Туапсінскі, Сызранскі, Куйбышаўскі і Новакуйбышаўскі НПЗ «Раснафты», а таксама завод у Славянску-на-Кубані і Астраханскі ГПЗ «Газпрама».

Заводы ў Рязані, Ніжнім Ноўгарадзе і Валгаградзе, што ўваходзяць у топ-10 па аб’ёмах у Расіі, змаглі вярнуць у працу толькі палову магутнасцей; Маскоўскі НПЗ — каля траціны.

У сярэднім, паводле разлікаў FT, НПЗ, што пацярпелі ад беспілотнікаў, страцілі 45% магутнасці. Як правіла, іх рамонт займае некалькі месяцаў, ацэньваюць аналітыкі «Фінама». Але некаторыя ўстаноўкі замяніць або аднавіць складаней. Напрыклад, тыя, што аддзяляюць соль і ваду ад нафты — яны знаходзяцца ў самым пачатку працэсу перапрацоўкі, адзначае Ісаак Леві, аналітык фінскага Centre for Research on Energy and Clean Air. Адна з такіх установак была пашкоджана на Омскім НПЗ магутнасцю 22 млн тон у год, які ўваходзіць у лік найбуйнейшых у свеце.

У адрозненне ад леташняй, украінская кампанія 2026 года сканцэнтравана на другасных устаноўках НПЗ. Яны вылучаюць з нафты лёгкія нафтапрадукты, такія як бензін, авіякерасін і дызельнае паліва, тлумачыць старшы навуковы супрацоўнік Carnegie Russia Eurasia Center Сяргей Вакуленка. Хоць заводы могуць працягваць выпуск, якасць прадуктаў зніжаецца.

У ліпені аб’ёмы нафтаперапрацоўкі ў Расіі падалі да 3,5 млн барэляў у суткі — да найніжэйшага ўзроўню больш як за два дзесяцігоддзі, а рэгіёны — ад Сібіры да Калінінграда — ахапіў дэфіцыт паліва. Цяпер Расіі ўдалося аднавіць частку нафтаперапрацоўкі, галоўным чынам за кошт перазапуску Омскага НПЗ, адзначае аналітык S&P Global Energy Дэніэл Эванс. Аднак значная частка магутнасцей працягвае прастойваць, што робіць задачу па балансаванні расійскага рынку паліва «надзвычай складанай», падкрэслівае ён.

Апошнія навіны