ЗША наблізіліся да разгадкі адной з галоўных таямніц Другой сусветнай вайны
- 30.07.2026, 17:41
Праз 82 гады.
Ля ўзбярэжжа Філіпін амерыканскія вайскоўцы і археолагі праводзяць адну з самых складаных падводных пошукавых аперацый у гісторыі. Іх мэта — падняць парэшткі каля 250 амерыканскіх ваеннапалонных, якія загінулі ў снежні 1944 года на борце японскага транспарту «Oryoku Maru», патопленага авіяцыяй ЗША, якая не ведала, што на судне знаходзяцца саюзныя салдаты, паведамляе The Wall Street Journal (пераклад — сайт Charter97.org).
Падчас апошняй экспедыцыі вадалазы абследавалі разбураныя трюмы карабля на глыбіні каля 24 метраў. Сярод самых важных знаходак — армейскія боты з надпісамі «U.S. Army» і «USA», металічны ідэнтыфікацыйны бранзалет, акуляры, медыцынскія прыналежнасці і іншыя асабістыя рэчы.
«Я адразу адчуў, што знайшоў нешта сапраўды важнае», — распавёў вадалаз ВМС ЗША Тэйлар Лукас. Паводле слоў даследчыкаў, гэтыя знаходкі даюць надзею сем'ям, якія дзесяцігоддзямі не ведалі лёсу сваіх родзічаў.
На борце Oryoku Maru знаходзіліся 1619 саюзных ваеннапалонных, большасць з якіх ужо перажылі ганебна вядомы Батаанскі марш смерці. Гісторыкі называюць японскія транспарты для палонных «караблямі пекла». «Слова «пекла» занадта слабае, каб апісаць тое, што там адбывалася», — заявіў гісторык Джон Макманус.
Даследчыкі ўжо стварылі дэталёвую трохмерную мадэль затанулага судна і ўпершыню прыйшлі да высновы, што здабыццё парэшткаў тэхнічна магчыма. Усе выяўленыя фрагменты праходзяць судова-медыцынскую экспертызу, а новая экспедыцыя запланаваная на 2027 фінансавы год.
Для сотняў амерыканскіх сем'яў гэта місія можа паставіць кропку ў гісторыі, якая цягнулася больш за восем дзесяцігоддзяў.