Пад Расонамі сілавікі затрымалі каля 350 чалавек
- 30.07.2026, 18:10
Людзей затрымлівалі цэлымі сем’ямі.
Пад Расонамі на Віцебшчыне 29 ліпеня сілавікі затрымалі каля 350 чалавек, паведаміла «Віцебская Вясна».
Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманыя — удзельнікі штогадовага злёту, які ладзяць беларускія прадстаўнікі руху «Сям’я Вясёлкі» (Rainbow Family).
Rainbow Family аб’ядноўвае прыхільнікаў ідэі гарманічнага суіснавання з прыродай і пратэсту супраць умоўнасцяў капіталістычнага грамадства. Злёты праводзяцца ў маланаселеных мясцінах, намётавыя гарадкі ставяць паблізу вадаёмаў.
«На тых, хто хацеў проста адпачыць на прыродзе і сустрэцца са старымі сябрамі, учора здзейснілі міліцэйскі налёт. Людзей затрымлівалі цэлымі сем’ямі. Вядома, што разам з дарослымі ноч у ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) былі вымушаныя правесці і некалькі дзяцей», — паведамілі праваабаронцы.
Паводле іх інфармацыі, на затрыманых склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і папярэдзілі, што цягам двух месяцаў іх чакае суд.
Як адзначаецца, падобная гісторыя адбылася ў Віцебску ў 2025 годзе, калі каля 300 студэнтаў са Шры-Ланкі сабраліся разам, каб адзначыць нацыянальны Новы год. Тады міліцыя затрымала сотні замежнікаў.
Нагадаем, напрыканцы чэрвеня сілавікі затрымлівалі «каля 200 удзельнікаў так званага рэйву» пад Стоўбцамі.