«Жук пайшоў хітры»
- 30.07.2026, 22:08
Пад Мінскам высыхаюць сотні гектараў лесу.
Хвойныя лясы пад Заслаўем высыхаюць на вачах з-за масавага нашэсця караеда-тыпографа. У Мінскім лясгасе пацярпелі ўжо 1285 гектараў, піша раённае дзяржаўнае выданне «Прысталічча».
Маштабы высыхання лесу пад Заслаўем растуць у геаметрычнай прагрэсіі, адзначае начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення Мінскага лясгаса Сяргей Кажадуб:
«Калі летась на тэрыторыі лясгаса было выяўлена 415,6 га, то сёлета прызнана пашкоджанымі 1285 га ляснога фонду. Сярэдні ўзрост мясцовых ялінаў — каля 60 гадоў. Для караеда гэта самая лёгкая здабыча. Прычым жук пайшоў хітры: засяляе дрэва не знізу, а менавіта з сярэдзіны ствала. Стаіць яліна, на выгляд зялёная і здаровая, а ўнутры ва ўсю моц кіпіць чужое жыццё. Калі ігліца пачынае жаўцець і патроху абсыпацца, ратаваць дрэва ўжо позна».
Адзіны спосаб спыніць жука — аператыўна правесці санітарную высечку. З-за вялікіх аб’ёмаў на дапамогу мясцовым лесаводам тэрмінова прыбылі брыгады з 15 лясгасаў Міншчыны і Гомельшчыны.
Усю нарыхтаваную драўніну забіраюць дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы — каб пусціць яе ў справу, пакуль не страчана якасць.
Мясцовыя незадаволеныя шумам тэхнікі і дарогамі, разбітымі лесавозамі. У лясгасе просяць людзей пацярпець: рэльеф пагорысты, тэхніцы інакш проста не прайсці. Адміністрацыя абяцае, што як толькі вывазка драўніны скончыцца, усе пашкоджаныя дарогі ў населеных пунктах абавязкова падсыплюць і прывядуць да ладу. Акрамя таго, на працягу трох гадоў на кожнай пустой дзялянцы Мінскі лясгас правядзе паўнавартаснае лесааднаўленне.
Праўда, замест чыстых ялнікаў будуць высаджваць змешаныя культуры — яны значна больш устойлівыя да капрызаў надвор’я і новых нападаў шкоднікаў.