Палітолаг: у Трампа з’явіўся ўласны спецкарэспандэнт ва Украіне, які працуе на адным узроўні з пасольствам ЗША
- 30.07.2026, 22:25
Прыезд ва Украіну Лоры Лумер адыграў станоўчую ролю ў падрыхтоўцы візіту Зяленскага ў ЗША.
Прыезд ва Украіну MAGA-блогеркі Лоры Лумер і яе працяглае знаходжанне тут адыгралі выключна станоўчую ролю ў падрыхтоўцы візіту прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ў ЗША, а таксама гэта дасць аргументы кіраўніку Белага дома Дональду Трампу у магчымых спрэчках з «украінаскептыкамі». Такое меркаванне ў эфіры Радыё NV выказаў палітолаг, эксперт аналітычнага цэнтра «Украінская прызма» Аляксандр Краеў.
Па яго словах, палітыка Трампа будуецца на тым, што пакуль нейкая тэма яму цікавая, ён будзе ўцягнуты ў пошук рашэнняў. Калі ж ён пераключаецца на нешта іншае, гэтая тэма можа даволі доўга заставацца зусім неактыўнай.
«З гэтага пункту гледжання Трамп сапраўды павінен пастаянна быць у курсе падзей, пастаянна знаходзіцца ў эпіцэнтры таго, што адбываецца ў інфармацыйнай прасторы, — адзначыў Краеў. — І таму такое пазітыўнае працяглае знаходжанне Лоры Лумер ва Украіне — гэта вялізны плюс. Па сутнасці, у Трампа з’явіўся ўласны спецкарэспандэнт ва Украіне, які, як мы бачым, мае доступ да высокапастаўленых асоб, дастаткова аператыўна збірае інфармацыю, выходзіць на кантакт і ездзіць у небяспечныя зоны. Гэты спецкарэспандэнт цяпер працуе на адным узроўні з амерыканскім пасольствам».
На думку эксперта, Украіна выйграла ад візыту Лумер, паколькі ён паслужыў «інфармацыйнай падрыхтоўкай», неабходнай перад паездкай Зяленскага на пахаванне сенатара Ліндсі Грэма, дзе адбылася сустрэча з Трампам. Цяпер у сістэме ўлады ЗША без слова прэзідэнта не робіцца «абсалютна нічога», лічыць Краеў.
«Мне здаецца, Лумер тут працуе нам цалкам на карысць. Яна працуе на карысць сабе, бо ахоп яе аўдыторыі толькі расце. Яна працуе на карысць амерыканскаму руху MAGA, які атрымлівае інфармацыю, пра якую інакш проста не даведаўся б. І, перадусім, яна працуе на карысць Трампу, тлумачачы, чаму ён робіць тыя ці іншыя крокі, і забяспечваючы кантэкст, дзякуючы якім і перадача ўзбраенняў, і наша далейшае палітычнае супрацоўніцтва, і выбудоўванне нармальных рамак для перамоваў не будуць успрымацца ўкраінаскептыкамі ў ЗША як нешта раптоўнае і зусім незразумелае», — сказаў ён.
20 ліпеня Лора Лумер, раней вядомая сваімі ультраправымі поглядамі і распаўсюджваннем расійскіх наратываў, апублікавала ў X відэа свайго прыбыцця ў Кіеў і падпісала яго: «Я не ў Расіі, таму што я не прапагандыстка».
Лумер таксама публічна прызнала, што гадамі знаходзілася пад уплывам расійскай прапаганды адносна вайны ва Украіне.
Паводле слоў блогеркі, яна вырашыла прыехаць ва Украіну, каб асабіста праверыць сцверджанні, якія чула раней.
23 ліпеня Лора Лумер узяла інтэрв’ю ў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Сустрэча адбылася ў Марыінскім палацы.