Канфлікт паміж Расіяй і Арменіяй набірае абароты
- 30.07.2026, 23:32
У РФ заявілі, што Масква без цяжкасцяў заменіць армянскія тавары.
У сукупным тавараабароце Расіі з іншымі краінамі доля Арменіі не перавышае 0,9%. Таму Маскве не будзе складана замяніць пастаўкі армянскіх тавараў, лічыць міністр эканамічнага развіцця Максім Рэшэтнікаў.
«У сукупным тавараабароце Расіі са светам доля Арменіі не перавышае 0,9%. Для іншых краін ЕАЭС гэты паказчык — яшчэ ніжэйшы (для Беларусі — 0,3%, Казахстана — 0,05%, Кіргізстана — 0,02%)», — цытуе кіраўніка Мінэканомразвіцця «Інтэрфакс». Паводле слоў Рэшэтнікава, армянскія тавары не аказваюць істотнага эканамічнага ўплыву на рынкі краін.
Так Максім Рэшэтнікаў пракаментаваў выказванне прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна пра тое, што краіна шукае эканамічныя і палітычныя альтэрнатывы Расіі. Кіраўнік ведамства адзначыў, што ЕАЭС — гэта не толькі ключавы рынак збыту, але і галоўны пастаўшчык асноўных відаў рэсурсаў для Ерэвана. У сувязі з гэтым ён нагадаў і пра розніцу ў кошце расійскага і еўрапейскага газу: $177,5 за тыс. кубаметраў супраць $600 за тыс. кубаметраў.
Адносіны паміж Расіяй і Арменіяй абвастрыліся вясной з-за імкнення Ерэвана да еўраінтэграцыі і размоў пра магчымы выхад з ЕАЭС. На гэтым фоне Расельгаснагляд увёў шматлікія забароны на ўвоз армянскіх тавараў у Расію: кветак, памідораў, агуркоў, клубніц, алкаголю і малочнай прадукцыі. Нікол Пашынян заклікаў Уладзіміра Пуціна вырашыць праблемы з імпартам прадукцыі з Арменіі.