У Літве збілі чарговыя дроны з беларускімі цыгарэтамі
- 31.07.2026, 9:49
І злавілі мужчын, якія прыехалі па кантрабанду.
У Літве памежнікі «прызямлілі» тры беспілотнікі з кантрабандным грузам, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Памежнікі пачулі гук дронаў каля вёскі Норвілішкес Шальчынінкскага раёна і збілі іх. Беспілотнікі знайшлі ў лесе, прыблізна ў 50 метрах ад дзяржаўнай мяжы. Да дронаў былі прывязаныя свёрткі з тытунёвай кантрабандай.
«Усяго ў шасці каробках было выяўлена тры тысячы пачак цыгарэт NZ Gold SuperSlims з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт партыі з улікам усіх падаткаў, належных да аплаты ў Літве, складае 16 380 еўра», — паведамілі памежнікі.
Па факце незаконнага захоўвання падакцызных тавараў распачата дасудовае расследаванне.
Таксама ў засаду памежнікаў трапілі трое жыхароў Алітуса, якія прыехалі ў лес па кантрабандныя цыгарэты, дастаўленыя на метэазондах.
«Супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы правяралі інфармацыю пра дастаўку кантрабандных цыгарэт з дапамогай паветраных шароў. У лесе каля вёскі Вейсмунай (Алітускі раён) яны выявілі вялікі мяшок з буйной партыяй кантрабандных цыгарэт. Памежнікі ўладкавалі засаду непадалёк ад месца выяўлення грузу. Праз некалькі гадзін, ужо пасля світанку, у лес па свёрткі з цыгарэтамі прыехаў мікрааўтобус Citroen Jumper, зарэгістраваны ў Літве. Памежнікі затрымалі трох мужчын, якія знаходзіліся ў аўтамабілі», — паведамілі ў Службе аховы дзяржаўнай мяжы.
Па цыгарэты, дастаўленыя з Беларусі, прыехалі жыхары Алітуса ва ўзросце 24, 35 і 38 гадоў. Адзін з іх нядаўна быў дэпартаваны з Ірландыі і не мае сталага месца жыхарства.
«У вялікім мяшку, дастаўленым у Алітускі раён звязкай паветраных шароў з усходняга напрамку, знаходзіліся 24 картонныя каробкі (12 тысяч пачак цыгарэт) з лагатыпамі Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман». Агульны кошт цыгарэт NZ Gold і Minsk Superslims з беларускімі акцызнымі маркамі, уключаючы ўсе падаткі, належныя да аплаты ў Літве, перавышае 65,5 тысячы еўра», — паведамілі памежнікі.
Мужчынам пагражае пакаранне ў выглядзе штрафу або пазбаўлення волі на тэрмін да васьмі гадоў.