Беларускіх студэнтаў пагоняць у Сібір?
- 31.07.2026, 14:52
Расія збіраецца прыцягнуць іх да будаўніцтва трасы.
Намеснік старшыні назіральнага савета Расійскіх студэнцкіх атрадаў (РСО) і сябра грамадскага савета Мінтранса РФ Алексей Потейко анансаваў агенцтву ТАСС планы па прыцягненні беларускіх студэнтаў да «міжнароднага праекта ў межах будаўніцтва паўночнага аб’езду Омска» ужо ў 2027 годзе.
Паводле яго слоў, будаўніцтву плануецца надаць статус міжнароднага: «Будаўніцтву паўночнага аб’езду Омска мы хочам надаць статус міжнароднага праекта. Мы плануем тут арганізаваць праект «Іртыш — рака дружбы». Папярэднія дамоўленасці дасягнутыя са студэнцкімі атрадамі і Рэспублікі Беларусь, і Рэспублікі Казахстан».
Паводле даных ТАСС, у 2025 годзе ў склад РСО ўваходзіла звыш 400 тысяч студэнтаў і школьнікаў з 85 расійскіх рэгіёнаў, якія, як сцвярджаецца, «атрымалі свой першы працоўны досвед, годную заработную плату і зрабілі значны ўнёсак у развіццё краіны». Звесткі аб колькасці замежных студэнтаў, занятых у падобных праектах, не прыводзяцца.
Паўночны аб’езд Омска — гэта 66-кіламетровая траса, будаўніцтва якой пачалося восенню мінулага года. Праект прадугледжвае ўзвядзенне двух мастоў праз рэкі Іртыш і Омь, пяці транспартных развязак і дзевятнаццаці пуцеправодаў. Паводле задумы, чатырохпалосная аўтадарога з разліковай хуткасцю руху 120 км/г павінна вывесці транзітны аўтатранспарт за межы горада-мільённіка, што знаходзіцца ў паўднёвай частцы Заходняй Сібіры, за Уральскімі гарамі.
Як раней паведамляў праект магілёўскіх праваабаронцаў і журналістаў MAYDAY TEAM, студэнцкі атрад Беларуска-Расійскага ўніверсітэта колькасцю 26 чалавек у канцы мая ўжо другі год запар адправіўся на працу ў чыгуначную галіну расійскай Якуціі. Студэнты, якія прайшлі падрыхтоўку па лініі БелЖД у якасці манцёраў шляху, займаюцца рэстаўрацыяй чыгуначнага палатна на так званым «малым БАМе» — 400-кіламетровым участку, які злучае Байкала-Амурскую і Транссібірскую магістралі. Прыкметна, што спачатку гэтая лінія будавалася вязнямі савецкіх лагераў ва ўмовах вечнай мерзлаты.
Як піша «Позiрк», вядома, што Магілёўскі медыцынскі каледж і Бабруйскі медыцынскі каледж накіроўваюць студэнцкія атрады ў Перм і Чалябінск для ўдзелу ва ўсерасійскіх нацыянальных праектах «Парма» і «Клініка», што рэалізуюцца паводле рашэння Уладзіміра Пуціна.
Варта адзначыць, што сітуацыя ў большасці расійскіх рэгіёнаў сёння застаецца небяспечнай. Так, згаданы Омск 6 ліпеня падвергнуўся атацы ўкраінскіх беспілотнікаў — нягледзячы на тое, што гэты рэгіён РФ аддзяляюць ад мяжы з Украінай каля 2500 кіламетраў. Удар прыйшоўся па мясцовым нафтаперапрацоўчым заводзе.