The Atlantic: Зяленскі прапанаваў Трампу спецыяльны план па ўдарах у глыб Расіі
- 31.07.2026, 15:20
З мэтай знішчэння пускавых установак балістычных ракет.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі просіць у ЗША дазвол на выкарыстанне сістэм спадарожнікавай сувязі Starlink для кіравання дронамі з мэтай знішчэння пускавых установак балістычных ракет на тэрыторыі Расіі. З гэтай мэтай прэзідэнт Украіны звярнуўся да прэзідэнта Дональда Трампа, каб атрымаць згоду ад Ілона Маска. Пра гэта паведамляе выданне The Atlantic са спасылкай на крыніцы.
Падчас перамоваў за зачыненымі дзвярамі ў Белым доме, якія адбыліся ў аўторак, 28 ліпеня, Зяленскі распавёў пра план, які дазволіў бы Украіне перажыць яшчэ адну зіму ў вайне з Расіяй. Каб гэты план спрацаваў, Трампу давялося б звярнуцца па вялікую паслугу да свайго саюзніка Ілона Маска. Аднак, як паведамілі дзве дасведчаныя крыніцы, Трамп не ўзяў на сябе абавязацельстваў у гэтым пытанні, пакінуўшы будучыню плана пад пытаннем.
Новая прапанова, пра якую раней не паведамлялася, прадугледжвае зрух акцэнтаў для ЗША, каб пазбегнуць адпраўкі ва Украіну ракет-перахопнікаў сістэмы «Пэтрыёт», запасы якіх істотна скараціліся ў сувязі з вайной у Іране. Замест гэтага прапануецца, каб Украіна пашырыла выкарыстанне іншай амерыканскай тэхналогіі — сеткі спадарожнікавай сувязі Starlink, якую кантралюе Маск.
У прыватнасці, паводле звестак крыніц, Зяленскі папрасіў Трампа атрымаць дазвол ад Маска на выкарыстанне «Starlink» з мэтай нанесення ўдараў дронамі ў глыб Расіі.
На дадзены момант Маск дазволіў украінцам выкарыстоўваць Starlink толькі на тэрыторыі Украіны, у тым ліку ў Крыме і на іншых акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторыях. У Расіі ж ён абмежаваў іх выкарыстанне.
На сустрэчы з Трампам Зяленскі патлумачыў неабходнасць наносіць удары па невялікіх і мабільных мэтах, асабліва па тых установках, якія запускаюць балістычныя ракеты па ўкраінскіх гарадах.
Зяленскі хацеў сустрэцца з Маскам
Адзначаецца, што падчас візіту ў ЗША Зяленскі хацеў сустрэцца з Маскам, каб абмеркаваць план удараў па расійскіх пускавых установках, але мільярдэр адхіліў адпаведную просьбу.
Са свайго боку Трамп сказаў Зяленскаму, што разгледзіць гэты запыт, але не ўказаў, ці будзе гэты запыт задаволены. Прэзідэнт ЗША паведаміў Зяленскаму, што пагаворыць з Маскам з гэтай нагоды.
Адзін з чыноўнікаў заявіў, што канчатковае рашэнне Трампа наконт прапановы Зяленскага, верагодна, у значнай ступені будзе залежаць ад таго, ці зможа гэта паскорыць заканчэнне вайны. Калі прэзідэнт ЗША палічыць, што выкарыстанне Starlink дазволіць Украіне прымусіць кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна сесці за стол перамоваў, тады Трамп, магчыма, падтрымае гэтую ідэю. Аднак калі Трамп палічыць, што гэта толькі абвастрыць сітуацыю, то, хутчэй за ўсё, ён яе не падтрымае.
Дзве дасведчаныя крыніцы дадалі, што таксама Зяленскі на сустрэчы з Трампам падкрэсліваў, што Украіна павінна супрацьстаяць ракетнай пагрозе з боку РФ да наступлення зімы, паколькі Расія зноў можа паспрабаваць нанесці ракетныя ўдары, каб вывесці з ладу энергетычную сістэму і сістэму ацяплення ва Украіне.
Без магчымасці паражаць пускавыя ўстаноўкі на тэрыторыі Расіі «у нас няма яснага плана на гэтую зіму», паведаміў адзін з чыноўнікаў.