BE RU EN

Гільёціна для Пуціна

  • Аббас Галлямов
  • 31.07.2026, 15:39

Расія аказалася «гарматным мясам» для Кітая, Паўночнай Карэі і Ірана.

Калі б Пуцін пагадзіўся спыніць вайну летась, то ўзамен Трамп афіцыйна адмовіў бы Украіне ў праве на ўступленне ў НАТА.

Калі Пуцін спыніцца проста цяпер — вынік ужо не будзе настолькі відавочным: ёсць аргументы на карысць адмовы, але з’явіліся і аргументы на карысць прыняцця — узяць хаця б украінскую беспілотную авіяцыю, што выйшла на якасна новы ўзровень, — галоўны інструмент сённяшняй вайны; атрымаць такога сябра НАТА, відавочна, выгадна.

Калі Пуцін не спыніцца цяпер, дык праз год НАТА само будзе прасіць Украіну ўвайсці ў альянс. Перашкодзіць гэтаму Расія не зможа.

А цяпер давайце задумаемся, чаму Расію так палохала набліжэнне НАТА да яе межаў? Яна баялася, што, уступіўшы ў арганізацыю, Украіна развяжа з ёй вайну. Дык вайна і адбылася. Найгоршае ўжо здарылася: лік загінулых расіян наблізіўся да паўмільёна, і невядома, колькі іх яшчэ загіне. Акрамя таго, можна ўпэўнена казаць, што перспектывы эканамічнага росту і сацыяльнага развіцця Расіі цяпер знішчаны дашчэнту, наперадзе толькі дэградацыя. Пры гэтым НАТА ў вайну так і не ўступіла — хоць бядотны стан расійскай арміі ў асобныя моманты цалкам дазваляў гэта зрабіць. Гэты факт з усёй відавочнасцю даказвае, што НАТА з самага пачатку не збіралася ваяваць з Расіяй.

Тое, што зрабіў Пуцін, спрабуючы прадухіліць уступленне Украіны ў альянс, апісваецца формулай «лячыць галаўны боль з дапамогай гільёціны». Увязаўшыся ў вайну, якой можна было пазбегнуць і якую ён не ў стане выйграць, расійскі прэзідэнт асудзіў сваю краіну на стратэгічную паразу. А хто ў выйгрышы? Перш за ўсё Кітай і Паўночная Карэя, у меншай ступені Іран — бо Захаду цяпер не да іх, ён заняты Расіяй. Па-другое, у выйгрышы сам Захад, бо, як кажа расійская прапаганда, ён «рукамі ўкраінцаў» дамогся таго, што Расія глыбока ўвязла ў канфлікце, настроіла супраць сябе ўвесь свет і імкліва разбураецца — эканамічна, палітычна, сацыяльна.

Калі ўжо карыстацца ўлюбёнай Пуціным формулай «Украіна — гарматнае мяса для Захаду», дык давядзецца прызнаць, што і сама Расія аказалася «гарматным мясам» для Кітая, Паўночнай Карэі і Ірана. Калі Украіна — еўрапейскі проксі, дык Расія атрымліваецца кітайска-ірана-паўночнакарэйскі проксі. Менавіта гэтыя хлопцы заграбаюць жар ад кастра, у якім згараюць перспектывы Расіі.

Аббас Галлямов, Telegram

Апошнія навіны