Польская крама «Żabka» адрэагавала на з'яўленне ў Беларусі свайго «клона»
- 31.07.2026, 18:17
«Прымем меры».
У Гродне нядаўна адкрылася крама «Кузнечык», якая вонкава вельмі падобная на папулярныя ў Польшчы крамы Żabka. У кампаніі паведамілі «Белсату», што пачалі праверку і запэўнілі, што «прымуць адпаведныя меры», калі вырашаць, што правы фірмы былі парушаныя.
«Крама, якая працуе ў горадзе Гродне ў Беларусі, не належыць сетцы Żabka і ніякім чынам не звязаная з нашай кампаніяй», — адзначыла кампанія.
Гродзенскі «Кузнечык» прыцягнуў увагу СМІ яшчэ да адкрыцця. У сацсетках заўважылі, што афармленне крамы вельмі падобнае на папулярныя ў Польшчы крамы Żabka.
«Беларускую «Жабку» ўжо наведалі і польскія блогеры.
«Гэта дакладная копія. Тут розныя тавары, але я не ведаю, ці знойдзем мы што-небудзь з Польшчы. Ёсць мяса, але я не бачу гатовых страў Żabka. У Польшчы такое ёсць, а тут нічога — ні хот-догаў, нічога падобнага. Толькі пірожныя і выпечка. Хот-догаў, можа, і няма, затое ёсць квас», — кажа на відэа аўтар блога Szymon Testuje ў TikTok.
«Кузнечык» паўтарае і айдэнтыку польскай Żabka, і фармат: кава навынос, невялікі асартымент найнеабходнага, снэкі, гатовая ежа. У суседняй краіне гэтая сетка папулярная таму, што крамы ледзь не на кожным кроку, і яны працуюць у выхадныя.
Праўда, паміж арыгіналам і копіяй ёсць адрозненні: у гродзенскай краме прадаюць разліўное піва, чаго няма ў Польшчы, але не робяць хот-догаў, якімі славіцца Żabka.
У прэс-службе кампаніі Żabka паведамілі, што пачалі праверку:
«Зараз мы праводзім праверку з юрыдычнага пункту гледжання. Калі наш разбор выявіць парушэнне нашых правоў або выкарыстанне візуальнай ідэнтычнасці сеткі без дазволу, мы прымем адпаведныя меры».