BE RU EN

«Пашпарт абышоўся ў 670 еўра»

  • 31.07.2026, 19:59

Беларуска змагла вярнуць дакументы, страчаныя на Мальце.

700 еўра зніклі, але асабістыя рэчы, беларускі пашпарт і польская картка пабыту засталіся. Так беларуска Кацярына Макась апісвае змесціва сваёй сумкі, згубленай у чэрвені на Мальце і цяпер знойдзенай.

Прыкладна тыдзень таму ёй патэлефанавалі з мальтыйскай паліцыі і паведамілі пра знаходку. Праўда, вярнуць беларускі пашпарт аказалася нелёгка. Як усё ж такі атрымалася гэта зрабіць, Кацярына распавяла MOST.

У чэрвені Кацярына паехала з Польшчы, дзе цяпер жыве, на Мальту на пяць дзён, але вярнуцца змагла толькі праз 13. У апошні дзень паездкі яна забыла ў таксі сумку з дакументамі, грашыма і асабістымі рэчамі. І фактычна апынулася замкнёнай на востраве.

У звычайнай сітуацыі па дакумент, які пацвердзіў бы яе асобу, дзяўчына павінна была б звярнуцца ў беларускае пасольства. На Мальце яго няма, але інтарэсы грамадзян Беларусі там прадстаўляе пасольства ў Італіі. Аднак Кацярына не магла туды звярнуцца, як і ўвогуле да ўладаў сваёй краіны. У Польшчы яна атрымала міжнародную абарону.

Хоць і не з першага разу, але Кацярыне ўдалося атрымаць у пасольстве Польшчы даведку, якая пацвярджае польскі дакумент. На яе падставе на Мальце яна змагла атрымаць One-way Travel Document — аднаразовы праязны дакумент для вяртання ў Польшчу. Беларуска ляцела прамым рэйсам.

Хацелі адправіць пашпарт у пасольства Беларусі

У Польшчы Кацярына падала заяву на новы від на жыхарства ў сувязі са стратай папярэдняга. Страчаны дакумент адразу анулявалі. Новы будзе гатовы прыблізна праз месяц.

Але каля тыдня таму ёй патэлефанавалі з мальтыйскай паліцыі. Сказалі, што сумка знайшлася. Грошай у ёй амаль не засталося — знікла 700 еўра, але засталося 200 злотых. Затое дакументы ўсё яшчэ ляжалі ў сумцы. Яе знайшлі там, дзе Кацярына з сябрамі і шукалі — у месцы, куды таксі паехала пасля таго, як высадзіла іх.

Праўда, да шчаслівага фіналу было яшчэ далёка. У паліцыі папярэдзілі, што цягам двух-трох дзён беларуска павінна асабіста забраць рэчы. Інакш яе пашпарт адправяць у пасольства Беларусі. Гэта стандартная практыка: пашпарт — уласнасць Рэспублікі Беларусь.

«За суткі пашпарт быў у мяне»

Без праязнога дакумента Кацярына паехаць на Мальту не магла.

Ёй параілі знайсці мальтыйскага адваката і аформіць на яго даверанасць на атрыманне дакумента. Беларуска так і зрабіла.

— Падпісала даверанасць. Заплаціла 590 еўра за паслугі адваката, плюс перасылка каштавала 70–80 еўра, — падлічвае Кацярына. — Адвакат адправіў [пашпарт] поштай. За суткі ён быў у мяне.

Цяпер дзяўчына чакае новы польскі від на жыхарства. Але ўжо задумваецца, што калі тэрмін дзеяння пашпарта скончыцца, яна атрымае польскі праязны дакумент замежніка.

Апошнія навіны