Навукоўцы распавялі, як рэчывы з чарніцы абараняюць вочы
- 9.07.2026, 12:29
Антоцыяны дапамогуць клеткам сятчаткі.
Навукоўцы высветлілі, што антоцыяны ў чарніцах і буяках не толькі абараняюць клеткі вачэй ад акісляльнага пашкоджання, але і паскараюць аднаўленне пігмента, які дапамагае бачыць у цемры. Агляд міжнароднай групы даследчыкаў апублікаваны ў часопісе Food Bioscience.
Антоцыяны — гэта прыродныя раслінныя пігменты, якія змяшчаюцца ў чарніцы, ажыне, чорнай парэчцы, чырвонакачаннай капусце і іншай чырвонай, сіняй і фіялетавай гародніне і фруктах. Аўтары працы прааналізавалі вынікі папярэдніх даследаванняў і прыйшлі да высновы, што гэтыя злучэнні здольныя зніжаць рызыку шэрагу захворванняў вачэй дзякуючы адразу некалькім механізмам.
Паводле дадзеных навукоўцаў, антоцыяны валодаюць выразнымі антыаксідантнымі і супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі. Яны дапамагаюць абараняць клеткі сятчаткі ад пашкоджання актыўнымі формамі кіслароду, якія адыгрываюць важную ролю ў развіцці хранічнага запалення, дыябетычнай рэтынапатыі і іншых захворванняў вачэй.
Акрамя таго, даследчыкі адзначаюць, што антоцыяны здольныя паляпшаць мікрацыркуляцыю ў сятчатцы, падтрымліваць працу фатарэцэптараў, паскараваць аднаўленне родапсіну — святлоадчувальнага пігмента, неабходнага для адаптацыі зроку да цемры, — а таксама абараняць нервовыя клеткі сятчаткі.
На думку аўтараў агляду, рэгулярнае ўжыванне прадуктаў, багатых на антоцыяны, можа спрыяць прафілактыцы ўзроставых захворванняў вачэй, уключаючы катаракту і ўзроставую макулярную дэгенерацыю.
Пры гэтым навукоўцы падкрэсліваюць, што ў антоцыянаў ёсць істотны недахоп — нізкая біядаступнасць. Іх засваенне залежыць ад складу кішачнай мікрабіёты і асаблівасцяў харчавання. Цяпер даследчыкі вывучаюць спосабы павысіць эфектыўнасць гэтых рэчываў, у тым ліку з дапамогай нанакапсулявання і спалучэння з іншымі расліннымі злучэннямі.