Украінскія спецслужбы ўвайшлі ў спіс найлепшых разведвальных службаў Еўропы
- 1.08.2026, 6:00
Адзін з кіраўнікоў еўрапейскай разведкі параўнаў СБУ і ГУР з Масадам.
Складзены першы рэйтынг разведвальных службаў Еўропы, падрыхтаваны журы з шасцідзесяці спецыялістаў у галіне разведкі з дваццаці пяці краін, паведамляе часопіс L’Express (пераклад — «УНІАН»).
Выданне паведаміла, што эксперты сфармавалі свой топ-5 на падставе досведу працы з еўрапейскімі агенцтвамі:
1. МІ-6, Вялікабрытанія
Адзначаецца, што галоўнай перавагай арганізацыі з’яўляецца здольнасць прыцягваць высокапастаўленыя крыніцы і інвеставаць у іх на працягу многіх гадоў.
Заяўляецца, што агентам МІ-6 удалося глыбока пранікнуць ва ўладныя структуры Расіі, Кітая, Турцыі і Ірана. Рэпутацыя агентства была дадаткова ўмацавана яго раннім папярэджаннем пра ўварванне Расіі ва Украіну.
2. DGSE, Францыя
Выданне адзначыла, што гэта адзінае агенцтва ў Еўропе з глабальным ахопам. Яго моц палягае ў спалучэнні тэхнічнага збору дадзеных з чалавечымі рэсурсамі і аператыўнымі магчымасцямі.
Паводле даных выдання, у 2023 годзе менавіта DGSE даведалася, што Яўген Прыгожын рыхтуе мяцеж супраць Пуціна, і перадала гэтую інфармацыю ЦРУ.
3. AIVD і MAIVD, Нідэрланды
У публікацыі адзначаецца, што галандцы ўдзельнічалі ў адных з самых важных сакрэтных аперацый апошніх двух дзесяцігоддзяў, а ў 2016 і 2017 гадах разам з ЦРУ навучалі ўкраінцаў. AIVD таксама з’яўляецца месцам размяшчэння еўрапейскага разведвальнага цэнтра па барацьбе з тэрарызмам.
4. СБУ і ГУР, Украіна
Часопіс адзначыў, што кіеўскія спецслужбы ўразілі калег сваёй інавацыйнасцю, вынаходлівасцю і гатоўнасцю браць на сябе высокія аперацыйныя рызыкі.
Адзін з кіраўнікоў еўрапейскай разведкі параўнаў іх з Масадам, маючы на ўвазе агрэсіўныя сакрэтныя аперацыі, такія як падрыў трубаправодаў «Паўночны паток», аперацыя «Павуціна» і забойствы генералаў у Маскве.
Аднак, як адзначаецца, давер да ўкраінскіх службаў не з’яўляецца абсалютным. Некаторыя еўрапейскія чыноўнікі лічаць, што ў іх дагэтуль могуць быць інфільтраваныя расійскія агенты.
5. BND, Германія
Агенцтва вядома перш за ўсё метадычным падыходам, аналітычнымі здольнасцямі і ўменнем заўважаць тонкія палітычныя і эканамічныя змены. Аднак калегі скептычна ацэньваюць здольнасць немцаў да чыста шпіёнскіх аперацый, асабліва за мяжой, параўноўваючы іх з «даследчыкамі аналітычных цэнтраў».