BE RU EN

Расія звярска абстраляла Кіеў балістыкай: шмат загінулых і параненых

  • 1.08.2026, 8:15

Гарэлі «хуткія», жылыя дамы і кінастудыя.

У ноч на суботу, 1 жніўня, краіна-агрэсар Расія здзейсніла чарговую масіраваную ракетную атаку на Кіеў. У сталіцы прагрымела серыя выбухаў. Вядома пра дзевяцярых загінулых, прынамсі 28 чалавек атрымалі раненні, піша OBOZ.UA.

Пра варожыя цэлі а 01:32 пачалі паведамляць Паветраныя сілы ЗСУ. Расіяне запусцілі па Кіеве балістычныя ракеты, а таксама, паводле дадзеных маніторынгавых каналаў, некалькі «Цырконаў».

Зазначым, што перад ракетнай атакай праціўнік накіраваў на сталіцу і вобласць рэактыўныя БПЛА. Пасля залпаў балістыкі яны зноў ляцелі на горад.

Наступствы абстрэлу

Па стане на 03:36 было вядома пра чатырох загінулых і 15 параненых, сярод якіх 13- і 17-гадовы юнакі. Усе пацярпелыя гаспіталізаваныя, адзін з іх у цяжкім стане.

Да 6 гадзін раніцы ўжо было вядома пра дзевяцярых загінулых і 23 пацярпелых.

Па стане на 6:43 у ДСНС паведамілі пра 27 пацярпелых, выратавана 105 чалавек.

А 07:43 мэр Кіева Віталь Клічко пацвердзіў гібель 9 чалавек і паведаміў пра павелічэнне колькасці пацярпелых да 28. Сярод параненых, у прыватнасці, чацвёра дзяцей. На момант паведамлення 17 кiеўцаў знаходзіліся ў бальніцах.

У КГВА паведамілі, што ў выніку атакі ў Саламянскім раёне Кіева адбылося ўзгаранне ў 6-павярховым будынку. Там таксама гарэлі аўтамабілі на паркоўцы.

Акрамя таго, у Саламянскім раёне ў выніку падзення абломкаў ракеты ў пяціпавярховым доме апынуліся заблакаваныя людзі. На двары жылога дома ўзнік пажар.

«Два чалавекі загінулі і восем пацярпелі, у тым ліку двое дзяцей. Па адным з адрасоў адбыліся частковае разбурэнне і ўзгаранне пяціпавярховага жылога дома, па другім — гарэлі аўтамабілі на паркоўцы. Трох чалавек гаспіталізавалі. Выратавальнікі эвакуявалі 35 чалавек з верхніх паверхаў, пажар ліквідаваны», — паведамілі ў ДСНС пра наступствы удараў па Саламянскім раёне на 6 гадзін раніцы.

У Шаўчэнкаўскім раёне ў выніку атакі загарэлася аўтамыйка. У гэтым жа раёне ў жылым доме заблакаваныя людзі, там адбылося частковае разбурэнне на першым і другім паверхах.

Паводле дадзеных ДСНС, гарэлі таксама «хуткія», успыхнуў і пажар на кінастудыі: да 6 гадзін раніцы яго ўдалося лакалізаваць. Па адным з адрасоў выявілі пацярпелага чалавека.

У Дарніцкім раёне адбыўся пажар і разбурэнні ў адміністрацыйным будынку і ў нежылым будынку. Па іншым адрасе — гарэлі аўтамабілі і быў пашкоджаны дамы.

Па стане на 6 гадзін раніцы было вядома, што ў раёне загінулі 7 чалавек, яшчэ 14 — пацярпелі, з іх 2 дзеці.

Выратавальнікі ліквідавалі пажары. Таксама на адкрытай тэрыторыі ў адным з сквераў выяўлена варонка. Уздоўж адной з вуліц у некалькіх месцах гарыць абочына.

У Дняпроўскім раёне пашкоджана крама.

У Пячэрскім раёне пашкоджаныя 4 прыватныя жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы.

Як паведамляў OBOZ.UA, папярэдняя ракетная атака адбылася зусім нядаўна — у ноч на чацвер, 30 ліпеня, Расія нанесла ўдар па Кіеве балістычнымі ракетамі. У сталіцы прагрымела серыя выбухаў, пасля якіх успыхнулі пажары. Вядома прынамсі пра аднаго загінулага.

Апошнія навіны