Суд у Маскве заочна арыштаваў Жанну Нямцову
- 1.08.2026, 9:37
Дачка Барыса Нямцова пракаментавала незаконнае рашэнне расійскіх уладаў.
Замаскварэцкі раённы суд Масквы заочна арыштаваў Жанну Нямцову, дачку забітага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова і сузаснавальніцу фонду яго імя. Пра гэта паведаміла ў пятніцу, 31 ліпеня, прэс-служба сталічных судоў агульнай юрысдыкцыі. Паводле рашэння суда, тэрмін арышту складзе два месяцы з моманту перадачы Нямцовай расійскім праваахоўным органам у выпадку экстрадыцыі або дэпартацыі, альбо з моманту яе фактычнага затрымання ў РФ, перадае «Нямецкая хваля».
Жанне Нямцовай прад’яўлена абвінавачанне па артыкуле аб арганізацыі дзейнасці замежнай або міжнароднай арганізацыі, прызнанай «нежаданай» на тэрыторыі Расіі. Якую менавіта арганізацыю інкрымінуюць Нямцовай, у паведамленні не ўдакладняецца.
Нямцова: Уладаў РФ раздражняюць усе, хто супраць вайны і за Украіну
У каментары DW Нямцова заявіла, што гаворка ідзе пра створаны пры яе ўдзеле фонд. «Нынешнія расійскія ўлады раздражняюць усе арганізацыі і людзей, якія выступаюць супраць вайны і падтрымліваюць Украіну, а таксама адстойваюць правы чалавека і грамадзянскія свабоды, тыя каштоўнасці, якія Пуцін душыць, — сказала яна. — Фонд Нямцова займаецца падтрымкай расійскіх незалежных медыя ў выгнанні, адукацыйных праектаў і адстойваннем правоў расіян, якія пакінулі краіну ў сувязі з нязгодай з вайной Расіі супраць Украіны і пуцінскім рэжымам».
Чаму расійскія ўлады прынялі гэтае рашэнне менавіта цяпер, паводле слоў Нямцовай, — «загадка». «Аднак я лічу, што актывізацыя расійскіх уладаў па знішчэнні незалежных арганізацый і ціску на грамадскіх лідараў можа сведчыць пра запланаваную эскалацыю», — адзначыла яна.
Заснаваны Жаннай фонд прызнаны ў РФ «нежаданым»
Жанна Нямцова — журналістка і грамадская дзеячка, у мінулым вяла тэлепраграму «Нямцова. Інтэрв’ю» ў рускай рэдакцыі Deutsche Welle. Яна з’яўляецца сузаснавальніцай некамерцыйнай арганізацыі Фонд Барыса Нямцова за свабоду (Boris-Nemtsov-Stiftung für die Freiheit). У красавіку 2024 года Мінюст РФ унёс фонд у пералік «нежаданых арганізацый».
Нямцова з’ехала з Расіі ў 2015 годзе, праз некалькі месяцаў пасля забойства яе бацькі. «Я цяпер вядомая. Нежаданая арганізацыя — фонд Барыса Нямцова, які я заснавала ў Германіі ў 2015-м. Ён зарэгістраваны ў Боне, куды я сёння прыляцела», — напісала Нямцова на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках.