BE RU EN

Улады РФ забаранілі майнінг у Маскве і Падмаскоўі

  • 1.08.2026, 16:25

Забарона таксама закране прыгранічныя раёны Курскай вобласці.

Прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін падпісаў пастанову аб забароне майнінгу крыптавалют у Маскве і Падмаскоўі, паведамляе The Moscow Times. Аналагічныя меры распаўсюджваюцца на восем прыгранічных раёнаў Курскай вобласці: Белоўскі, Вялікасалдацкі, Глушкоўскі, Карэнеўскі, Льгоўскі, Рыльскі, Суджанскі і Хамутоўскі, а таксама на горад Льгоў. Рашэнне ўступіць у сілу з 15 жніўня і будзе дзейнічаць да 31 снежня 2032 года.

У сярэдзіне мая кіраўнік Курскай вобласці Аляксандр Хінштэйн заявіў пра складаную сітуацыю з энергазабеспячэннем і папрасіў урад забараніць майнінг на тэрыторыях, дзе пасля ўварвання Узброеных Сіл Украіны ў жніўні 2024 года жыхарам часова перасталі налічваць плату за электраэнергію. Ён нагадаў, што выдаткі на электрычнасць у гэтых раёнах кампенсуюцца з федэральнага бюджэту.

У Падмаскоўі таксама настойвалі на забароне. Мясцовы міністр энергетыкі Сяргей Варапанаў заяўляў, што каля 1 ГВт магутнасцей у сталіцы і вобласці спажываецца майнінгавымі фермамі, якія «не прыносяць ніякага станоўчага эфекту для эканомікі Маскоўскага рэгіёна».

Да гэтага майнінг быў забаронены ў 13 энерганедастатковых рэгіёнах, уключаючы Іркуцкую вобласць, анексаваныя тэрыторыі Украіны, рэспублікі Паўночнага Каўказа (Дагестан, Інгушэція, Кабардына-Балкарыя, Карачаева-Чаркесія, Паўночная Асеція, Чачня). Аналагічныя абмежаванні закранулі 19 раёнаў Бурятыі і 14 раёнаў Забайкальскага края.

У маі «Коммерсант» паведамляў, што з-за дэфіцыту энергамагутнасцей урад разглядае забарону на майнінг крыптавалют у 19 рэгіёнах Цэнтральнай Расіі, уключаючы Маскву і Падмаскоўе, але з агаворкай, што буйным праектам дазволяць працаваць у абмен на інвестыцыі ў генерацыю і сеткі.

Майнінг крыптавалют быў легалізаваны ў Расіі 1 лістапада 2024 года. Пасля гэтага ў краіне пачала дзейнічаць сістэма рэестраў ФНС: да лютага 2026 года ў іх зарэгістраваліся больш за 1,5 тыс. кампаній і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама каля 4 тыс. фізічных асоб.

Адначасова ўлады ўзмацняюць кантроль над галіною: 27 мая Дзярждума прыняла ў першым чытанні законапраект аб увядзенні крымінальнай адказнасці за незаконны майнінг. Максімальнае пакаранне прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, атрыманай злачынным шляхам.

Апошнія навіны