У Навагрудку з'явіўся аўтобусны прыпынак у выглядзе пажарнай машыны
- 1.08.2026, 17:29
Відэафакт.
У Навагрудку на вуліцы Мінскай адкрылі крэатыўны прыпыначны пункт, аформлены ў стылістыцы сапраўднай пажарнай тэхнікі, паведамляе «ТРК Гродна».
Аб'ект аформлены ў выглядзе пажарнай машыны ЗІЛ-130. Незвычайны прыпыначны пункт знаходзіцца побач з мясцовым раённым аддзелам МНС і з моманту ўстаноўкі здзіўляе жыхароў і гасцей горада.
Ідэя праекта ў тым, каб не проста ўпрыгожыць горад, але і нагадваць пра важнасць прафесіі выратавальніка, а таксама прыцягваць увагу да правілаў бяспекі. Унутры прыпынку размешчана разнастайная карысная інфармацыя, а на бакавых стэндах нанесены папераджальныя надпісы пра тое, што жыццё не цярпіць неабдуманых учынкаў.
Рэалізаваць задуму выратавальнікам дапамаглі ўлады раёна і службы ЖКГ.