BE RU EN

У Сонечнай сістэме знайшлі нябеснае цела ўнікальнай формы

  • 1.08.2026, 21:36

Загадкавы аб'ект можа захоўваць сляды нараджэння Зямлі.

Астраномы ўпершыню выявілі нябеснае цела адразу з трыма лопасцямі — і яно мае ўласны спадарожнік.

Ідзе гаворка пра астэроід 44 Ніса, адкрыты яшчэ ў 1857 годзе. Тады ён выглядаў толькі як цьмяная кропка святла, і нават пазнейшыя назіранні — у прыватнасці з дапамогай тэлескопа «Хабл» — мала што праяснялі.

Пра гэта піша выданне Space.

Новыя назіранні, праведзеныя з дапамогай двух магутных наземных тэлескопаў — Вялікага бінокулярнага ў Арызоне і Вельмі вялікага тэлескопа ў Чылі, — паказалі нешта зусім іншае. Высветлілася, што аб'ект мае не дзве, а тры лопасці, і нічога падобнага навукоўцам бачыць яшчэ не даводзілася.

Кіраўніца даследавання Кейт Мінкер з абсерваторыі Лоўэла адзначыла, што здымкі прадэманстравалі сапраўды незвычайны аб'ект. Паводле яе слоў, найбольш верагоднае тлумачэнне — гэта або тры глыбы, што зліпліся пад уздзеяннем гравітацыі, або суцэльная маса надзвычай няправільнай формы, аналагаў якой раней не назіралі.

Атрымаць выразныя здымкі аказалася няпроста. Навукоўцам спатрэбіліся спецыяльныя высокакантрасныя прыборы ў спалучэнні з адаптыўнай аптыкай, якая кампенсуе скажэнні, што ўносіць зямная атмасфера. Акрамя таго, давялося ўжыць асаблівыя метады апрацоўкі выяў, каб прыбраць яркі святлавы арэол вакол аб'екта.

Сама Ніса аказалася целам няправільнай формы шырынёй каля 75 кіламетраў у самым шырокім месцы. На яе паверхні відаць дзве ўпадзіны, нібы апяразаюць глыбу па крузе, — менавіта іх даследчыкі лічаць «перашыйкамі» паміж асобнымі часткамі. Акрамя таго, на здымках выявіўся крохатны спадарожнік дыяметрам усяго ў адзін кіламетр, што круціцца вакол Нісы на адлегласці не менш як 170 кіламетраў. Пакуль што ён атрымаў абазначэнне S/2026 (44) 1.

Адкуль узялася такая дзіўная форма — пакуль загадка. Навукоўцы схіляюцца да версіі, што тры глыбы проста зляцеліся разам і ўтрымліваліся разам дзякуючы ўзаемнаму прыцягненню. Іншы варыянт — калісьці ў мінулым Ніса сутыкнулася з нашмат больш буйным целам, і сіла ўдару дэфармавала яе настолькі, што змянілася ўся форма паверхні. Праўда, звычайна такія сутыкненні пакідаюць вакол цэлае сямейства аскепкаў з падобным складам, а побач з Нісай (апрача яе спадарожніка) нічога падобнага не выявілі.

Ніса цікавая навукоўцам яшчэ і тым, што можа расказаць пра нараджэнне Зямлі. Яе паверхня багатая мінералам энстатытам, дзякуючы чаму гэты аб'ект адлюстроўвае святло мацней, чым большасць падобных целаў. Такія аб'екты, верагодна, фармаваліся бліжэй да Сонца і лічацца магчымымі «будаўнічымі блокамі» планет зямной групы. Калі гэта так, то Ніса можа захоўваць сляды ўмоў, якія панавалі ў Сонечнай сістэме 4,5 мільярда гадоў таму.

Апошнія навіны