«Галоўнакамандуючаму Драпатаму давядзецца зрабіць тое, на што не адважыліся яго папярэднікі»
- 2.08.2026, 8:51
Ён пра гэта піша і пра гэта кажа.
Афіцэр камандавання штурмавых войскаў ЗСУ Дзяніс Яраслаўскі назваў галоўную праблему, якую давядзецца вырашыць Міхаілу Драпатаму на пасадзе Галоўнакамандуючага ЗСУ: «Цяпер Міхаілу Васілевічу дасталася вельмі занядбаная сітуацыя з мабілізацыяй, як чацвёртая стадыя анкалогіі. Я жадаю яму поспеху, каб ён змог разруліць гэтую сітуацыю. Перш за ўсё ён павінен рабіць зусім іншыя рэчы, чым „бусіфікаваць“ людзей, чаго ён рабіць не будзе. Ён павінен падняць планку свядомасці грамадства. Гэта можна зрабіць некалькімі спосабамі. Перш за ўсё трэба зрабіць мабілізацыю справядлівай. Ён пра гэта піша і пра гэта кажа. Гэта асноўны пункт».
Сваё бачанне вырашэння праблемы з мабілізацыяй былы камандзір падраздзялення разведкі ЗСУ агучыў у інтэрв’ю для YouTube-канала «Фабрыка навін».
«Што такое справядлівая мабілізацыя? Гэта ён разам з новым міністрам абароны павінен зрабіць усё, каб прынамсі тыя, хто прыносіў прысягу на вернасць народу Украіны, а гэта ўсе сілавікі, пачынаючы з паліцыі, падатковай паліцыі, усе вайскоўцы, што раней выйшлі на пенсію, былі правераныя нанова, таму што ўсе яны, хто выйшаў на пенсію, або маюць даведкі аб інваліднасці, якую можна было лёгка зрабіць за 200 долараў, або цяпер забраніраваныя калгаснікамі, трактарыстамі, хаця многія з іх — здаровыя, вельмі эфектыўныя хлопцы, якія маюць спецыяльнасць і званне», — агучыў сваё бачанне сітуацыі Яраслаўскі.
«Калі цяпер генерал Драпаты разам з міністрам абароны правядзе татальную праверку ўсіх, хто прыносіў прысягу і цяпер не знаходзіцца ў войску, то знойдзецца 500 тыс. людзей, якія хаваюцца ад арміі рознымі спосабамі, а павінны там служыць, бо яны прыносілі прысягу на вернасць народу Украіны. Хопіць, хлопцы! Вайна. Трэба вяртацца ў строй. Успомніце, што вы афіцэры. Я спадзяюся, што ўсе вы вернецеся», — адзначыў афіцэр ЗСУ.