У РПЦ назвалі «ядзерку» Крамля «Божай благадатцю»
- 2.08.2026, 8:58
Патрыярх Кірыл Гундзяеў аскандаліўся новым заяўленнем.
Стварэнне атамнай бомбы ў СССР было прадвызначана боскім умяшаннем. А саму бомбу стварылі ў горадзе, дзе маліўся святы Серафім Сароўскі, заявіў патрыярх РПЦ Кірыл.
Пра гэта паведамляе The Moscow Times.
Такую заяву патрыярх Кірыл (у міры Уладзімір Гундзяеў) зрабіў пасля літургіі ў Свята-Троіцкім Серафіма-Дзівеўскім манастыры. Ён звярнуў увагу, што распрацоўка з’явілася ў горадзе Сараў (Арзамас-16), дзе маліўся святы Серафім Сароўскі.
«Стварылі нашу расійскую атамную бомбу, якая спыніла замыслы ворага разбурыць і парабаціць нашу Радзіму. Так, дзякуючы працы вучоных, інжынераў, рабочых, што працавалі тут, з’явілася Божая благадать і міласць над нашай краінай», — сказаў патрыярх.
На яго думку, з’яўленне атамнай бомбы ўратавала СССР «ад страшнага разбурэння, у выніку якога магло б не застацца ні краіны, ні народа».
«Усё гэта адбывалася, у прыватнасці, і дзякуючы малітвам прэпадобнага і баганоснага айца нашага Серафіма Сароўскага. Вось так смірэнны старац праз сваю святасць... спрыяў таму, што наш народ і наша краіна працягваюць сваё існаванне», — падсумаваў Кірыл.
Кіраўнік РПЦ ужо выказваўся падобным чынам у 2023 годзе, сцвярджаючы, што ядзерная бомба была распрацавана айчыннымі вучонымі «па невымоўным Божым прамысле», нагадвае выданне. А ў 2024 годзе ён заклікаў расіян не баяцца такой зброі і магчымага канца свету.